Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/01/910193_589647/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 02:36
01.07.2017 13:31 Грамадства

Памежнікі падчас спецаперацыі сарвалі спробу перамяшчэння буйной партыі цыгарэт у Літву

Мінск, 1 ліпеня. У выніку спецаперацыі памежнікаў сарваная спроба перамяшчэння буйной партыі цыгарэт цераз мяжу з Літвой і ліквідаваны падпольны цэх па вытворчасці кантрафактнага алкаголю.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, 28 чэрвеня падас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў блізу населенага пункта Геранёны Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці ў памежнай зоне супрацоўнікамі аператыўнага падраздзялення органаў пагранслужбы былі выяўленыя чатыры легкавыя аўтамабілі, якія рухаліся ў бок беларуска-літоўскай мяжы. У іх знаходзіліся восем чалавек, яны перавозілі буйную партыю тытунёвых вырабаў, прызначаных для незаконнага перамяшчэння цераз дзяржмяжу.

Падчас затрымання двое парушальнікаў на аўтамабілях маркі Audi спрабавалі ўцячы. Аднак спроба пратараніць службовы аўтамабіль была спыненая супрацоўнікамі спецпадраздзялення органаў пагранічнай службы. Пасля выкарыстання зброі і іншых спецыяльных сродкаў ўсё правапарушальнікі былі затрыманыя, іх транспартныя сродкі атрымалі сур`ёзныя пашкоджанні. У салонах аўтамабіляў знойдзеныя больш за 400 тысяч цыгарэт і іншыя прадметы, прызначаныя для ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці.

У выніку вобыску па месцы жыхарства арганізатара супрацьпраўнай дзейнасці з прыцягненнем супрацоўнікаў дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Беларусі было знойдзенае 552 літры вадкасці з утрыманнем спірту, паводле папярэдняй ацэнкі, не менш як на 4 тыс. рублёў. Яна ўяўляе сабой канцэнтрат для гатавання антысептычных раствораў для вонкавага ўжывання. Акрамя таго, выяўленыя цеплавізары, прыборы начнога бачання, пераносныя радыёстанцыі, прыстасаванні для пераноскі тытунёвых вырабаў, маскі-балаклавы і камуфляванае адзенне.

З вадкасці з утрыманнем спірту, якая незаконна набывалася ў Расіі, саматужным спосабам выраблялася алкагольная прадукцыя для рэалізацыі ў Беларусі. Незаконны даход ценявых дзялкоў мог скласці больш за 8 тыс. рублёў.

Па факце затрымання праводзіцца далейшая праверка. Дзеянням парушальнікаў даецца прававая ацэнка з мэтай кваліфікацыі ў межах адміністрацыйнага або крымінальнага заканадаўства.

Паводле папярэдняй інфармацыі, аўтамабілі будуць канфіскаваныя, а кіроўцы — пазбаўленыя права кіравання транспартнымі сродкамі і заплацяць буйныя штрафы.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239