Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/01/910197_478569/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 15:34
01.07.2017 14:01 Палітыка

Партыя БНФ: Правядзенне сесіі ПА АБСЕ ў Мінску супярэчыць пагадненням, на якіх грунтуецца арганізацыя

Мінск, 1 ліпеня. Правядзенне ў Мінску сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) 5—9 ліпеня "з`яўляецца несвоечасовым, бо адбываецца ва ўмовах, што супярэчаць духу і сутнасці пагадненняў", на якіх грунтуецца арганізацыя. Пра гэта гаворыцца ў заяве сойма Партыі БНФ, прынятай 1 ліпеня.
У дакуменце адзначаецца, што запланаваныя на верасень беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017" ва ўмовах "развязанага Расіяй канфлікту ва ўсходняй Украіне з`яўляюцца недружалюбным крокам, не служаць інтарэсам міру і бяспекі ў рэгіёне, шкодзяць статусу Мінска як нейтральнай пляцоўкі для перамоў дзеля ўрэгуляванні канфлікту у паўднёва-ўсходніх абласцях Украіны". На думку партыі, гэтыя вучэнні "небяспечна патураюць агрэсіўнай палітыцы Расіі".

"Асабліва трывожным сігналам з`яўляецца беспрэцэдэнтны маштаб запланаваных вучэнняў, якія прадугледжваюць перадыслакацыю ў Беларусь выключна вялікай колькасці вайскоўцаў, зброі і ваеннай тэхнікі. Правядзенне сесіі ПА АБСЕ ў такіх умовах з`яўляецца ўскоснай легітымацыяй дзеянняў, якія не адпавядаюць прынцыпам АБСЕ і не спрыяюць захаванню міру, бяспекі і стабільнасці у рэгіёне Усходняй Еўропы", — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Як адзначаюць у Партыі БНФ, "пастаянныя і сістэмныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, адсутнасць свабодных і сумленных выбарчых працэдур таксама не адпавядаюць прынцыпам АБСЕ ў гуманітарным вымярэнні". "Правядзенне сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ пры наяўнасці ў краіне палітычных зняволеных і, асабліва ,відавочна сфальсіфікаванай уладамі крымінальнай справы супраць беларускіх патрыётаў з`яўляецца небяспечным патураннем палітычным рэпрэсіям у Беларусі", — гаворыцца ў заяве.

Партыя БНФ звяртае ўвагу ПА АБСЕ, што пасля аднаўлення ў 2004 годзе членства Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у складзе Парламенцкай асамблеі "ні адны выбары ў нашай краіне не былі праведзеныя ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ, а ў тым жа годзе ў Беларусі быў праведзены чарговы нелегітымны рэферэндум".

У сувязі з гэтым Партыя БНФ "выказвае шкадаванне з нагоды таго, што сённяшняя ўлада Беларусі ў супрацоўніцтве з міжнароднымі структурамі аддае перавагу фармальнаму боку, але пры гэтым не выконвае сутнасных прынцыпаў, на якіх грунтуюцца міжнародныя арганізацыі".

Партыя заклікае ўрад Беларусі "вызваліць усіх зняволеных на падставе палітычных матываў, спыніць крымінальны пераслед патрыётаў, якія былі затрыманыя ў сакавіку". Таксама арганізацыя прапануе кіраўніцтву краіны "ў далейшым выконваць узятыя на сябе абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, у тым ліку абавязацельствы ў гуманітарным вымярэнні АБСЕ і стандарты правядзення выбараў, у тым ліку ўнесці ў Выбарчы кодэкс змены, скіраваныя на выкананне рэкамендацый ўнутраных і міжнародных назіральнікаў".

Партыя БНФ "вітае ўвагу еўрапейскіх парламентарыяў да сітуацыі ў Беларусі і заклікае ўдзельнікаў мінскай штогадовай сесіі ПА АБСЕ падтрымаць вынесеныя на разгляд сесіі праекты рэзалюцыяў, якія прысвечаныя стану грамадзянскіх свабодаў у Беларусі і пагрозам рэгіянальнай бяспецы".

Сесія ПА АБСЕ пройдзе ў Мінску з 5 па 9 ліпеня. Плануецца, што ў ёй возьмуць удзел прыблізна 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў. Свой удзел у сесіі пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239