Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/02/910227_910228/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 11:34
02.07.2017 12:04 Грамадства, Палітыка

Лукашэнка: Рэабілітацыя паражоных Чарнобылем тэрыторый — адно з самых важных нашых дасягненняў

Мінск, 2 ліпеня. Адным з найважнейшых дасягненняў беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка лічыць рэабілітацыю паражоных Чарнобылем тэрыторый. Пра гэта ён заявіў, выступаючы 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Беларусі.

Беларусам, якія прынялі асноўны ўдар чарнобыльскай аварыі, "прыйшлося ў адзіночку ліквідаваць яе найцяжэйшыя наступствы", адзначыў Лукашэнка. "Сітуацыя здавалася безвыходнай, але мы не склалі рукі — узяліся сістэмна, паслядоўна адраджаць чарнобыльскі рэгіён, — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба. — Скажу шчыра: многія сумняваліся, сцвярджалі, што гэта пустая трата сіл, часу і сродкаў. І што граху таіць, для многіх нашых суайчыннікаў гэта трагедыя стала палітычнай картай у іх палітычным лёсе".

У Беларусі ж, падкрэсліў Лукашэнка, "за мінулыя гады многае зроблена, уключаючы газіфікацыю вялікага рэгіёна і будаўніцтва дарог". "І галоўнае — мы ўсялілі тады ў сэрцы людзей надзею на магчымасць нармальнага жыцця. Цяпер тут кіпіць жыццё. Людзі працуюць, будуюць дамы, нараджаюць дзяцей. Рэабілітацыя паражоных Чарнобылем тэрыторый — адно з самых важных нашых дасягненняў. Гэта наш трагічны вопыт, якім сёння карыстаецца ўся планета. Яно дазволіла нам больш паверыць у сябе і яшчэ раз пераканацца: калі мы разам, то здольныя справіцца з любымі цяжкасцямі і  напасцямі", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Не менш значным поспехам" Лукашэнка назваў пераадоленне глыбокага эканамічнага спаду і сацыяльна-палітычнага ўзрушэння ліхіх дзевяностых. Беларусь, паводле яго слоў, першай на постсавецкай прасторы не толькі аднавіла даперабудовачны ўзровень развіцця эканомікі, але і ў два разы яго перавысіла.

"Маладая суверэнная краіна, не маючы вопыту, стала моцнай дзяржавай, упэўнена заявіла пра сябе ў сусветнай супольнасці. Нас прызналі надзейным эканамічным партнёрам, прыхільнікам палітыкі добрасуседства і дружалюбнасці", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, "дасягненні незалежнай Беларусі прызнаны ў свеце". "Гэта і поспехі айчынных навукоўцаў, якія дазволілі краіне стаць касмічнай дзяржавай, дасягненні вытворчага сектара, прамысловыя прадпрыемствы, якія асвойваюць новыя рынкі і навукаёмістыя тэхналогіі. Нашы будаўнікі карыстаюцца даверам сур'ёзных замежных партнёраў. Сапраўднай вытворчай перамогай з'явіўся створаны іх рукамі горна-абагачальны камбінат у Туркменістане (пры 45-градуснай спякоце). Цяпер найважнейшы будаўнічы аб'ект — Беларуская атамная электрастанцыя. Мінск па праве стаў спартыўнай сталіцай Еўропы. Сёння наша краіна ўсё часцей прымае прэстыжныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню. У 2019 годзе ў нас пройдуць Другія Еўрапейскія гульні, а ў 2021-м — чэмпіянат свету па хакеі", — сказаў Лукашэнка.

"Сёння мы робім стаўку на эканоміку ведаў, роля якой у сучасным свеце каласальна ўзрасла. Наша амбіцыйная, але дасягальная мэта — стварыць IT-краіну. Рашэнне гэтай задачы дазволіць нам зрабіць Беларусь яшчэ больш сучаснай і квітнеючай, а беларусам — з упэўненасцю глядзець у будучыню", — дадаў ён.

Гэта не проста амбіцыйная задача, а задача на выжыванне, падкрэсліў Лукашэнка. Ён нагадаў, што напярэдадні (на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 30 чэрвеня ў Маскве) прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сказаў: калі расіяне і беларусы не вырашаць яе, то лёсу ў іх няма. "І я з ім абсалютна згодны. Вы бачыце, у якім кірунку развіваецца свет — гэта не толькі вадзіцелі не патрэбны ў аўтамабілях, усё будзе перамяшчацца і лётаць без кіравання чалавека", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239