Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/06/eu_eu_910883_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 14:50
06.07.2017 17:17 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Даля Грыбаўскайтэ падзялілася асцярогамі з нагоды БелАЭС з Дональдам Трампам

Мінск, 6 ліпеня. На саміце "Ініцыятыва трох мораў" 6 ліпеня ў Варшаве прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ падзялілася асцярогамі з нагоды будаўніцтва Беларускай АЭС са сваім амерыканскім калегам Дональдам Трампам.
Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта Літвы, Грыбаўскайтэ звярнула ўвагу Трампа і іншых удзельнікаў саміту на тое, што расійская карпарацыя "Расатам" будуе ў Беларусі "небяспечную АЭС", у выпадку аварыі на якой "пацярпяць шаснаццаць еўрапейскіх сталіц".

Літва таксама не выключае, што Беларуская АЭС і газаправод NordStream 2, якія будуюцца, могуць быць выкарыстаныя Расіяй як "інструмент неканвенцыйнага шантажу".

Як паведамлялася раней, сеймам Літвы прынятыя законы аб прызнанні таго, што БелАЭС з'яўляецца небяспечнай і ўяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя, а таксама пра абмежаванне імпарту электраэнергіі з Беларусі і Расіі. Літва сцвярджае, што працы вядуцца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Мінск гэтыя прэтэнзіі адхіляе.

Выступаючы 5 ліпеня на сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь пабудуе самую бяспечную атамную электрастанцыю. "У нас, у чарнобыльскай рэспубліцы, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС не так проста было прыняць гэтае рашэнне. І мы разумеем, што галоўнае пытанне — пытанне бяспекі", — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён "нармальна ўспрымае" тое, што Літва часта падымае пытанне бяспекі БелАЭС. "Я нядаўна літоўцам прапанаваў: ну, колькі мы будзем сварыцца з-за гэтай станцыі? Давайце разам яе пабудуем і будзем разам эксплуатаваць як беларуска-літоўскую станцыю. Каб яна забяспечвала электраэнергіяй і Беларусь, і Літву, і, калі трэба, Латвію, Эстонію, Польшчу і іншыя дзяржавы. Гэта ж самы танны від электраэнергіі", — сказаў ён.

На думку Лукашэнкі, гэтае "пытанне палітызаванае". "Давайце разам сядзем, разбярэмся. Знімем гэтае пытанне і не будзем смяшыць ўвесь свет. Нам — Літве і Беларусі — патрэбная гэтая станцыя", — перакананы беларускі кіраўнік.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расіі, для яе будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239