Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/11/911494_456698/
Дата раздрукоўкі: 13.07.2020 23:33
11.07.2017 10:52 Грамадства, Эканоміка

МПЗ растлумачыла парадак вяртання "падатку на дармаедаў"

Мінск, 11 ліпеня. Міністэрства па падатках і зборах растлумачыла парадак вяртання збору на фiнансаванне дзяржаўных расходаў, які спаганяецца ў адпаведнасці з дэкрэтам № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

Як растлумачылі ў МПЗ, у адпаведнасці з распараджэннем прэзідэнта ад 5 лiпеня 2017 года "Аб вяртанні збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў" грамадзяне, якія выплацілі збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 i (або) 2016 гады, маюць права на вяртанне збору, калі ў 2017 году яны ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў; дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту; прызнаныя недзеяздольнымі або інвалідамі (незалежна ад групы, прычыны, даты наступлення і тэрміну інваліднасці).

Вяртанне збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў такім грамадзянам ажыццяўляецца на падставе іх пісьмовай заявы ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, з падаваннем пашпарта або іншага дакумента, які сведчыць асобу. Падача заявы можа быць ажыццёўленая прадстаўніком зацікаўленай асобы, які дзейнічае на падставе даверанасці, аформленай у парадку, устаноўленым грамадзянскім заканадаўствам.

Форма заявы зацікаўленай асобы прыведзеная ў дадатку 19 да пастановы Міністэрства па падатках і зборах ад 26 красавіка 2013 года № 14.

Вяртанне збору магчымае адным з двух спосабаў, якія называюцца ў заяве: на рахунак у беларускім банку (пры ўмове ўказанні рэквізітаў бягучага (разліковага) ці іншага банкаўскага рахунку: нумар і тып рахунку, найменне банка, код банка, код валюты); наяўнымі грашыма з касы адасобленага (структурнага) падраздзялення ААТ "СБ "Беларусбанк".

Тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры — адзін месяц з дня падачы заявы.

З адрасамі і рэжымам працы падатковых органаў можна азнаёміцца на афіцыйным сайце МПЗ www.nalog.gov.by.

Пра тое, што пачатае вяртанне выплачанага збору згодна з дэкрэтам № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", паведаміла 7 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка. Яна нагадала, што 9 сакавіка адбылася нарада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, дзе абмяркоўваўся гэты дэкрэт. Міністэрству было дадзенае ўказанне пачаць вяртанне сродкаў плацельшчыкам, якія паспелі заплаціць збор. "Вядзецца праца па выкананні гэтага даручэння, — сказала Шаўчэнка. — На нарадзе былі расстаўленыя прыярытэты і было сказана, што збор будзе вяртацца асобам, якія пачалі працу. Гэта і будзе зробленае. Такое распараджэнне ёсць, і падатковыя органы пачалі працаваць".

На пытанне, якой колькасці грамадзян ужо вернутыя грошы, намеснік кіраўніка МПЗ адказала: "Лічбаў пакуль няма, мы гэтую працу распачалі літаральна днямі".

Дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" ад 2 красавіка 2015 года, які выклікаў хвалю пратэстаў у лютым—сакавіку 2017 года, абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь, інакш ім пагражае штраф або адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле звестак МПЗ, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тыс., якім былі разасланыя паведамленні. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 млн рублёў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239