Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/13/911840_147852/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 00:10
13.07.2017 10:30 Грамадства

Шуневіч: Мы не заўсёды кампетэнтныя на ўзроўні першай інстанцыі

Мінск, 13 ліпеня. Прыёмы грамадзян важныя для ўдасканалення працы праваахоўных органаў. Такое меркаванне выказаў 12 ліпеня журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч пасля прыёму грамадзян, праведзенага ў Савеце міністраў.

"Сапраўды, мы не заўсёды кампетэнтныя на ўзроўні першай інстанцыі, і на гэта ёсць шмат прычын, у тым ліку нейкая прафесійная непадрыхтаванасць да вырашэння вельмі складаных, часта застарэлых пытанняў. Асабістыя прыёмы, зносіны з людзьмі для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў заўсёды былі асноўнай формай атрымання інфармацыі. Любая дапамога грамадзян вітаецца, без прыцягнення грамадскасці, у прыватнасці добраахвотных народных дружын, складана забяспечыць на належным узроўні правапарадак", — цытуе міністра прэс-служба ўрада.

Паводле слоў Шуневіча, бываюць і выпадкі фармалізму ў працы. Ён прывёў у якасці прыкладу зварот заяўніцы, якую аштрафавалі за паркоўку на месцы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а на машыне проста дажджом змыла спецыяльную налепку. "Работнікі праваахоўных органаў з пункта гледжання закону паступілі правільна, але фармальна. З такімі фактамі трэба змагацца", — сказаў міністр.

У цэлым Шуневіч адзначыў станоўчую тэндэнцыю змяншэння зваротаў грамадзян у ведамства, у тым ліку абгрунтаваных. У той жа час некаторыя пытанні, што паступаюць падчас прамых ліній, асабістых прыёмаў, маюць даўнюю гісторыю або звязаныя з асабістымі ўзаемаадносінамі, і бывае складана садзейнічаць у іх вырашэнні, адзначыў ён.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН