Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/19/eu_eu_912691_456987/
Дата раздрукоўкі: 20.03.2019 04:38
19.07.2017 15:35 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Здраеўскі: Еўрапарламент мае намер працягваць узаемадзеянне з Беларуссю і падтрымку беларускага народа

Мінск, 19 ліпеня. Еўрапарламент мае намер працягваць узаемадзеянне з Беларуссю і падтрымку беларускага народа, заявіў старшыня дэлегацыі па сувязях з Беларуссю ЕП Богдан Здраеўскі паводле вынікаў двухдзённага візіту ў Мінск, паведамляе прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі.

"Падтрымка прамых каналаў сувязі з уладамі Беларусі, у тым ліку па пытаннях, па якіх нашы пазіцыі адрозніваюцца, мае вырашальнае значэнне для далейшых адносін паміж ЕС і Беларуссю. Мы адзначылі нядаўнія пазітыўныя змены ў некаторых сферах супрацоўніцтва, але і абмеркавалі тыя значныя складанасці, якія застаюцца", — сказаў Здраеўскі.

Дэлегацыя з пяці членаў Еўрапарламента, у якую ўвайшлі дэпутаты ад Польшчы, Літвы, Латвіі і Германіі чатырох палітычных груп у ЕП, знаходзілася ў Мінску 18—19 ліпеня. Як паведамляе прадстаўніцтва Еўрасаюза, падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем яны абмеркавалі "ключавыя пытанні двухбаковых адносін паміж ЕС і Беларуссю". З намеснікам міністра адукацыі Вадзімам Богушам дэлегацыя абмеркавала пытанні рэфармавання вышэйшай адукацыі і рэалізацыі Балонскага працэсу. На сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў дэлегацыя ЕП "акрэсліла тыя бар'еры, якія застаюцца на шляху ўстанаўлення супрацоўніцтва з Еўрапарламентам і парламенцкай асамблеяй Еўранест".

"У гэтым кантэксце дэлегацыя падкрэсліла важнасць выбарчых рэформаў, неабходных для таго, каб народ Беларусі мог рабіць свой дэмакратычны выбар на свабодных і справядлівых выбарах, — гаворыцца ў паведамленні. — Важнасць рэформаў у святле мясцовых выбараў, што маюць адбыцца, была дадаткова адзначаная падчас сустрэчы з сакратаром Цэнтрвыбаркама Аленай Дмухайлай".

Дэлегацыя Еўрапарламента таксама сустрэлася з прадстаўнікамі асноўных апазіцыйных партый і грамадзянскай супольнасцю. Еўрапейскія парламентарыі пачулі іх ацэнкі сітуацыі ў Беларусі, абмеркавалі перашкоды і абмежаванні, з якімі яны сутыкаюцца ў сваёй дзейнасці.

"Дыскусія з экспертамі вядучых аналітычных цэнтраў дала магчымасць абмеркаваць цяперашні стан адносін паміж ЕС і Беларуссю і магчымае развіццё падзей, — гаворыцца ў паведамленні. — Еўрапейскія парламентарыі таксама сустрэліся з арганізатарамі і ўдзельнікамі праекта MOST, які ажыццяўляецца на сродкі ЕС і мае на мэце развіццё кантактаў паміж людзьмі ў Беларусі і ЕС".

Як адзначае прадстаўніцтва ЕС, візіт быў "працягам палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю", якой прытрымліваецца Еўрасаюз і якая скіраваная на стымуляванне далейшага супрацоўніцтва і прагрэсу ў сферы правоў чалавека, дэмакратыі і адкрытасці грамадства праз дыялог. "На ўсіх сустрэчах дэпутаты нагадвалі пра рэзалюцыю Еўрапарламента ад 6 красавіка 2017 года, якая асудзіла жорсткія дзеянні супраць удзельнікаў мірных акцый пратэсту ў лютым і сакавіку", — гаворыцца ў паведамленні.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН