Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/19/eu_eu_912698_478569/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 12:28
19.07.2017 16:25 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Кабякоў: Беларусь гатовая больш актыўна развіваць з Латвіяй гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва

Мінск, 19 ліпеня. Беларусь гатовая больш актыўна развіваць з Латвіяй гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 19 ліпеня ў Мінску на сустрэчы з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам, паведаміла прэс-служба ўрада.

"Латвія традыцыйна з'яўляецца для нас найважнейшым гандлёва-эканамічным партнёрам, нягледзячы на тое што апошнім часам было адзначанае некаторае запаволенне тэмпаў эканамічнага супрацоўніцтва. Тым не менш што да стварэння новых прадпрыемстваў, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, то ў гэтым плане сітуацыя нядрэнная: у Беларусі зарэгістраваная амаль тысяча прадпрыемстваў з удзелам латвійскага капіталу, у Латвіі колькасць арганізацый з беларускім капіталам перавысіла дзве тысячы. У нас ёсць усе перадумовы, каб наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паспяхова развівалася", — адзначыў Кабякоў.

Стратэгічным напрамкам супрацоўніцтва прэм'ер-міністр назваў узаемадзеянне ў транспартна-лагістычнай сферы. "Мы вельмі разлічваем, што краіна здолее выкарыстаць свой найважнейшы транзітны патэнцыял — цераз нас праходзяць дарогі з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход", — заўважыў ён.

На думку Кабякова, перспектыўным уяўляецца працяг супрацоўніцтва ў галіне дрэваапрацоўкі, харчовай прамысловасці, фармацэўтыкі, сферы паслуг. Акрамя таго, латвійскія партнёры могуць выкарыстаць магчымасці кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень".

Кабякоў падзякаваў Латвіі за канструктыўную пазіцыю ў пытанні нармалізацыі адносінаў Беларусі і Еўрапейскага саюза. "Хацеў бы падзякаваць нашым латвійскім партнёрам найперш за вельмі канструктыўную пазіцыю ў частцы нармалізацыі, вырашэнні праблем у адносінах Беларусі з Еўрапейскім саюзам, у рэалізацыі нашых праектаў, наладжванні супрацоўніцтва з інвестыцыйнымі, крэдытна-фінансавымі інстытутамі Еўрасаюза. У гэтай справе ёсць дастаткова актыўны рух не без удзелу нашых латвійскіх партнёраў, і мы вельмі ўдзячныя за такую канструктыўную пазіцыю", — адзначыў Кабякоў. Паводле яго слоў, Беларусь зацікаўленая ў выкарыстанні інструментаў фінансава-тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза, а таксама патэнцыялу Усходняга партнёрства для развіцця эканомікі.

У лістападзе 2016 года Кабякоў узяў удзел у саміце кіраўнікоў урадаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Кітая ("16+1"), у межах якога прайшла сустрэча з прэм'ер-міністрам Латвіі Марысам Кучынскісам. "У нас адбылася падрабязная размова перш за ўсё аб нашым гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Мы запрасілі яго ў Беларусь, я яшчэ раз хачу пацвердзіць запрашэнне. Мы чакаем, што прэм'ер-міністр Латвіі скарыстаецца магчымасцю наведаць Беларусь", — сказаў кіраўнік беларускага ўрада.

"Мы шукаем магчымасці, як умацаваць сяброўскія сувязі з нашымі суседзямі, а не ствараць праблемы. Таму ваш візіт у Беларусь — яшчэ адна магчымасць паглядзець, што мы можам зрабіць для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, як можам выкарыстоўваць магчымасці ўдзелу нашых краін у розных інтэграцыйных утварэннях", — адзначыў ён.

Эдгарс Рынкевічс у сваю чаргу падзякаваў беларускаму прэм'еру за сённяшнюю сустрэчу і за магчымасць абмяняцца думкамі па ўсім комплексе двухбаковага ўзаемадзеяння Беларусі і Латвіі, а таксама па пытаннях развіцця адносінаў паміж Беларуссю і ЕС. "Што да двухбаковых адносінаў, абсалютна з вамі згодны, што ў нас адбываецца вельмі добры, вельмі інтэнсіўны палітычны дыялог", — сказаў ён.

Згодна з апошнімі звесткамі Белстата, за студзень—май 2017 года тавараабарот Беларусі і Латвіі склаў 170,3 млн долараў, на 5,1% больш, чым за аналагічны леташні перыяд, у тым ліку экспарт — 136,2 млн (на 3,2% больш), імпарт — 34,1 млн (на 13,5% больш). Станоўчае сальда склала 102 млн 144 тыс. долараў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН