Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/21/912921_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 15:22
21.07.2017 12:46 Палітыка, Грамадства

У Кіеве праходзіць сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі

Мінск, 21 ліпеня. У Адміністрацыі прэзідэнта Украіны праходзяць перамовы Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі, які напярэдадні прыбыў у Кіеў з афіцыйным візітам.
Трансляцыю сустрэчы з месца падзей вёў украінскі тэлеканал 112.

Да сустрэчы са сваім украінскім калегам Лукашэнка ўсклаў вянок да помніка на Магіле Невядомага Салдата, а таксама наведаў мемарыял ахвяраў Галадамору. На вуліцу Банкавая, дзе размешчаная адміністрацыя прэзідэнта Украіны, аўтамабіль беларускага лідара прыехаў на сорак хвілін пазней, чым было запланавана.

Лукашэнку сустрэлі ваенным аркестрам, які выканаў па чарзе гімны Беларусі і Украіны. Прэзідэнты павіталі членаў беларускай дэлегацыі, сярод якіх былі міністры — замежных спраў Уладзімір Макей, унутраных спраў Ігар Шуневіч, культуры Барыс Святлоў, інфармацыі Лілія Ананіч, а таксама віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка і іншыя.

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта Беларусі, на сустрэчы кіраўнікі дзяржаў плануюць абмеркаваць пытанні развіцця палітычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. У прыватнасці, у эканамічнай сферы асноўная ўвага будзе надавацца перспектывам узаемадзеяння ў гандлі, інвестыцыях, прамысловай кааперацыі, нафтахімічным комплексе, энергетыцы, сельскай гаспадарцы, транспартна-лагістычнай галіне, развіцці міжрэгіянальнага дыялогу. Акрамя таго, плануецца ўзгадніць падыходы да далейшага развіцця прыгранічнага супрацоўніцтва.

Прэзідэнты таксама плануюць абмеркаваць пытанне ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, сітуацыю ў рэгіёне ў цэлым і абмяняюцца думкамі па міжнароднай праблематыцы.

Чакаецца, што па выніках перамоваў будзе падпісаны шэраг дакументаў па супрацоўніцтве ў эканоміцы, навукова-тэхнічнай галіне, сферах культуры і міжнацыянальных адносін. Кіраўнікі дзяржаў таксама зробяць заяву для прэсы.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239