Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/21/912955_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 15:23
21.07.2017 14:20 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Беларусы, рускія і украінцы складаюць ядро цывілізацыі ў гэтай частцы еўрапейскага кантынента

Мінск, 21 ліпеня. У пачатку перамоваў з Пятром Парашэнкам 21 ліпеня ў Кіеве Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў "блізкі і дружалюбны характар адносін" народаў Беларусі і Украіны. Аснову адносін беларусаў і ўкраінцаў, падкрэсліў ён, павінна складаць імкненне дапамагаць адзін аднаму.
Лукашэнка таксама заявіў, што беларусы, рускія і ўкраінцы складаюць "ядро цывілізацыі ў гэтай частцы еўрапейскага кантынента".

Беларускі кіраўнік падзяліўся ўражаннямі ад наведвання кіеўскага музея Галадамору, дзе яму распавялі, што ў тыя цяжкія для ўкраінцаў гады беларусы дзяліліся з імі апошнім, што ў іх было. "Вось покліч продкаў, які сведчыць пра тое, што мы павінны дапамагаць адзін аднаму, мы павінны быць заўсёды разам адзін з адным. Гэта галоўнае. Нават не тыя кантракты, хоць яны і важныя. Гэта складае аснову нашых адносін. І я вам удзячны за тое, што вы надаяце гэтаму найсур'ёзную ўвагу. вы паставілі гэта ў аснову нашых адносін. Усё астатняе прыкладзецца", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён таксама адзначыў, што рэгулярныя сустрэчы на ўзроўні прэзідэнтаў "заўсёды служаць развіццю эканомікі" абедзвюх дзяржаў. Лукашэнка запэўніў Парашэнку ў тым, што ўкраінцы могуць разлічваць на беларусаў: "Калі мы нешта ўмеем і можам зрабіць для нашай Украіны, мы гэта зробім".

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што на ўкраінска-беларускім бізнес-форуме, які праходзіць сёння ў Кіеве, ужо заключана кантрактаў на 45 млн долараў. Лукашэнка не выключыў, што да канца дня гэтая лічба можа вырасці да 100 млн долараў, таму што ў дзвюх краін, паводле яго слоў, "найвялікшы патэнцыял".

Беларусь, заявіў Лукашэнка, зацікаўлена ў тым, каб разам з Украінай выходзіць на рынкі трэціх краін з сумеснай прадукцыяй. "Мы ў гэтым напрамку будзем рухацца, і я вам сказаў, што ў нас няма ніякай алергіі, мы не гандлюем і не сябруем супраць кагосьці. Мы хочам працаваць разам на далёкай дузе, у іншых краінах, ствараць сумесны прадукт, прадаваць яго. Мы будзем ствараць высокатэхналагічны тавар і будзем ім гандляваць разам на замежных рынках", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі добра развіваецца рэгіянальнае супрацоўніцтва з Расіяй, Кітаем і іншымі буйнымі дзяржавамі. Ён прапанаваў Украіне разам прапрацаваць пытанне аб правядзенні міжрэгіянальных форумаў — спачатку ў Гомелі, а пасля па чарзе ў гарадах Украіны і Беларусі.

У сваю чаргу Пётр Парашэнка выказаў зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю, у тым ліку ў сферы эканомікі, культуры, сацыяльнай сферы. "Я ўдзячны, што прывезлі вельмі прадстаўнічую дэлегацыю, і разлічваю, што сёння мы намецілі новыя фарматы, новую дарожную карту, новыя крокі і арыенціры, якія змогуць яшчэ больш павялічыць наша з вамі эфектыўнае супрацоўніцтва", — цытуе Парашэнку прэс-служба прэзідэнта Беларусі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239