Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/24/913240_12345/
Дата раздрукоўкі: 29.01.2020 15:25
24.07.2017 17:48 Палітыка

Спецдакладчыкі ПАСЕ: Адмена смяротнай кары ў Беларусі — пытанне палітычнай волі

Мінск, 24 ліпеня. Адмена смяротнай кары ў Беларусі — гэта пытанне палітычнай волі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве спецдакладчыкаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па адмене смяротнага пакарання Іва Круштана і па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні.
У сваёй заяве яны асудзілі два новыя смяротныя прысуды, вынесеныя ў Беларусі.

"Прыйшоў час гэта спыніць, — гаворыцца ў заяве. — Парламенцкая асамблея зноў і зноў пацвярджае сваё абсалютнае непрыняцце смяротнага пакарання, якое разглядае як акт катаванняў і бесчалавечнага абыходжання, што зневажае годнасць, і, бясспрэчна, як самае сур'ёзнае з усіх парушэнняў правоў чалавека".

Спецдакладчыкі падкрэсліваюць, што барацьба за адмену смяротнага пакарання "няўмольная і скончыцца толькі тады, калі смяротнае пакаранне будзе адмененае раз і назаўсёды на кантыненце і ў іншых частках свету".

"Мы яшчэ раз заклікаем беларускія ўлады далучыцца да еўрапейскай сям'і абаліцыяністаў, увёўшы ў тэрміновым парадку мараторый на смяротную кару. Нішто ў Канстытуцыі або заканадаўстве Беларусі не перашкаджае прэзідэнту Лукашэнку ці парламенту зрабіць гэты крок", — гаворыцца ў заяве.

21 ліпеня з заклікам увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі выступілі генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ёрн Ягланд і прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч.

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня прыгаварыў да смяротнай кары двух з чатырох фігурантаў справы "чорных рыэлтараў" — Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога. Яшчэ два фігуранты асуджаныя на доўгія тэрміны зняволення: Таццяна Гершанкова — на 24 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці; Барыс Калеснікаў — на 22 гады і адзін месяц калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН