Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/26/913411_123654/
Дата раздрукоўкі: 20.06.2019 01:51
26.07.2017 09:04 Грамадства

З-за непагадзі парушалася электразабеспячэнне 283 населеных пунктаў, адбылося падтапленне ў дзевяці раёнах Брэсцкай і Мінскай абласцей

Мінск, 26 ліпеня. Паводле аператыўных звестак, з-за праходжання па тэрыторыі Беларусі 25—26 ліпеня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 16 метраў за секунду перыядычна парушалася электразабеспячэнне 283 населеных пунктаў, паведамляе прэс-служба МНС.

Адключэнні аператыўна ліквідуюць аварыйныя брыгады. Па стане на 6.00 26 ліпеня без электразабеспячэння заставаліся 37 населеных пунктаў у Брэсцкай і Мінскай абласцях.

Пашкоджаныя дахі двух жылых дамоў і шасці сельскагаспадарчых будынкаў у двух населеных пунктах Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці і Клецкага раёна Мінскай вобласці. Зафіксаваныя 17 выпадкаў падзення дрэў: 15 — у Брэсцкай вобласці і два — у Мінску. Пашкоджаны легкавы аўтамабіль.

Згодна са звесткамі ДУ "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" з 15.34 да 20.08 у раёне метэастанцыі "Ганцавічы" ў Брэсцкай вобласці выпала 51,6 мм ападкаў, з 21.00 да 1.30 у раёне метэастанцыі "Мінск" — 52,1 мм ападкаў.

Падтопленыя 26 жылых дамоў, 19 прыватных падворкаў і тры адміністрацыйныя будынкі ў трох раёнах Брэсцкай вобласці, шасці раёнах Мінскай вобласці і Мінску. У сталіцы з 22.10 былі падтопленыя 14 участкаў дарог, спыняўся альбо абмяжоўваўся рух (ад 25 хвілін да трох гадзін) 37 тралейбусных і 22 аўтобусных маршрутаў, у тым ліку на участках: праспектаў Дзяржынскага, Партызанскі, Пераможцаў, Пушкіна; вуліц Ангарская, Кальварыйская, Арлоўская, Карастаянавай, Ванеева, Багдановіча, Валгаградская, Гарэцкага, Шаранговіча, Лабанка; Прытыцкага, Кунцаўшчына, Якубава; бульвара Шаўчэнкі, плошчы Багушэвіча, Лагойскага тракту.

Работнікамі МНС у Мінску з зон падтаплення паднятыя восем легкавых аўтамабіляў. Работнікі МНС і іншых арганізацый праводзілі работы па распілоўцы паваленых дрэў і адпампоўванні вады. Таксама была задзейнічаная спецтэхніка ДВА "Гаррамаўтадар", ДВА "МГЖГ", экіпажы ДАІ.

Пацярпелых няма. Вядуцца аднаўленчыя работы.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН