Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/07/31/914019_114785/
Дата раздрукоўкі: 20.06.2019 02:09
31.07.2017 11:08 Эканоміка, Фінансы

Знешні дзярждоўг вырас з пачатку года на 1,9 млрд долараў

Мінск, 31 ліпеня. Знешні дзяржаўны доўг на 1 ліпеня 2017 года склаў 15,6 млрд долараў ЗША і павялічыўся з пачатку года на 1,9 млрд (з улікам курсавых розніц), або на 14,2%, паведаміла Міністэрства фінансаў.
У студзені—чэрвені 2017 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 2 млрд 404 млн долараў: 1 млрд 400 млн — еўрааблігацыі; 600 млн — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 247,2 млн — урада і банкаў Расійскай Федэрацыі; 83,5 млн — банкаў КНР; 70,4 млн — МБРР; 2,9 млн — ЕБРР і СІБ.

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу з пачатку 2017 года склала 508 млн долараў ЗША: 182,1 млн — урад РФ; 176,6 млн — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 117,2 млн — банкі КНР; 31,2 млн — МБРР; 0,7 млн — ЗША; 0,2 млн — ЕБРР і СІБ.

Унутраны дзяржаўны доўг на 1 ліпеня 2017 года склаў 9,6 млрд рублёў, скараціўшыся з пачатку года на 0,7 млрд рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 6,6%.

За студзень—чэрвень 2017 года размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 406,7 млн долараў. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 849,1 млн долараў і 60,5 млн рублёў.

У цэлым дзяржаўны доўг Беларусі на 1 ліпеня 2017 года склаў 39,7 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 2,7 млрд, або на 7,4%.

Дзярждоўг Беларусі (у адносінах да ВУП) набліжаецца да парога эканамічнай бяспекі — 45% ВУП.

Як паведамлялася, у 2018 годзе Беларусі трэба накіраваць на выплаты па дзярждоўгу 3,7 млрд долараў (супраць 3,4 млрд у 2017-м). Згодна са звесткамі Мінфіна, плацяжы па дзярждоўгу ў расходах бюджэту за 2010—2016 гады павялічыліся з 2 да 10%.

Пастаянны рост дзяржаўнага доўгу стаў "найважнейшай праблемай для бюджэту", заявіў намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Курлыпа, выступаючы на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 21 чэрвеня. "За 2016 год дзярждоўг павялічыўся на 4,1 млрд рублёў і на пачатак гэтага года складаў 37 млрд рублёў, што ўдвая больш за даходы рэспубліканскага бюджэту", — падкрэсліў ён.

Курлыпа адзначыў, што нарошчванне дзярждоўгу вядзе да павелічэння цяжару на рэспубліканскі бюджэт. "Выдаткі бюджэту толькі на абслугоўванне дзярждоўгу ў 2016 годзе склалі 1,7 млрд рублёў і павялічыліся ў параўнанні з пазамінулым годам на 401,3 млн рублёў, або на 30%", — канстатаваў намеснік кіраўніка КДК.

Ён звярнуў увагу, што бюджэт на працягу шэрагу апошніх гадоў фармуецца з прафіцытам, і гэта, "згодна з логікай, павінна прыводзіць да зніжэння велічыні дзярждоўгу, аднак фактычна ён павялічваецца".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН