Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/01/914038_471258/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 00:04
01.08.2017 08:31 Палітыка, Эканоміка

Ігар Кізім: Ва Украіне беларускія вытворцы праводзяць у добрым сэнсе агрэсіўную знешнеэканамічную палітыку

Мінск, 1 жніўня. Беларускія вытворцы праводзяць у добрым сэнсе агрэсіўную знешнеэканамічную палітыку ва Украіне, заявіў у інтэрв`ю БелаПАН пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
Ён адзначыў, што падчас візіту прэзідэнта Беларусі ва Украіну 20—21 ліпеня ў Кіеве прайшоў беларуска-ўкраінскі бізнес-форум. У яго ходзе быў падпісаны шэраг дамоў, у тым ліку на пастаўку ва Украіну "БелАЗаў", мемарандум аб удзеле беларускага боку ў распрацоўцы свідравін на ўкраінскіх радовішчах, дамовы аб пастаўцы ў сферы сельскай гаспадаркі, а таксама аб супрацоўніцтве з "Магілёўліфтмашам", "Гомсельмашамам "і іншыя дакументы.

"У гэтым кантэксце я б хацеў высока ацаніць працу беларускай дэлегацыі, — сказаў пасол. — Большасць ініцыятыў па падпісанні пагадненняў на гэтым форуме зыходзілі ад беларускага боку, што кажа аб агрэсіўнай, у добрым сэнсе, знешнеэканамічнай палітыцы беларускіх вытворцаў ва Украіне. Шмат у чым гэта з`яўляецца асноўнай рухальнай сілай росту нашага тавараабароту. Як паслу, мне б хацелася, каб такая ж актыўнасць ўкраінскіх вытворцаў была тут, на тэрыторыі Беларусі".

Кізім пазітыўна ацэньвае сустрэчу двух прэзідэнтаў у Кіеве. "Галоўныя задачы, якія планаваліся, былі выкананыя, пытанні абмеркаваныя. У нас падпісаныя новыя пагадненні ў сферы машынабудавання, вырашанае пытанне з дэмаркацыяй мяжы, ёсць зрухі ў плане заканадаўства, дадзеныя канкрэтныя даручэнні па ўніфікацыі нашых абменаў, у тым ліку электраэнергіяй, і ў сферы энергаэфектыўнасці", — сказаў ён.

Дыпламат таксама адзначыў рост узаемнага тавараабароту. "Нашымі кіраўнікамі былі заяўленыя амбіцыйныя мэты па дасягненні на працягу двух-трох гадоў найвышэйшых паказчыкаў 2012 года, калі наш тавараабарот складаў 8 мільярдаў долараў. Да гэтага мы будзем імкнуцца. І ўжо было сказана, што абсалютна рэальна ў наступным годзе мець лічбу ў 5 мільярдаў долараў", — падкрэсліў Кізім.

Паводле яго слоў, бакі акрэслілі шляхі пашырэння прамысловай кааперацыі. "Тут у нас, напэўна, ёсць самы вялікі рэзерв для нарошчвання нашага тавараабароту. Для гэтага ёсць адпаведная заканадаўчая база і цікавасць з боку бізнес-колаў абедзвюх краін", — сказаў ён.

"Адна з новых тэм — вытворчасць сумеснай прадукцыі, з якой зможам выходзіць на рынкі трэціх краін. Тэма вядомая, беларусы ў гэтым маюць свае поспехі, мы — свае. Прэзідэнты акцэнтавалі ўвагу на тым, што гаворка ідзе пра любы від прадукцыі, якую мы можам сумесна зрабіць, без абмежаванняў", — дадаў пасол Украіны.

Поўны тэкст інтэрв`ю публікуе інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by ("Белорусские новости").
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239