Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/01/914042_914043/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 02:44
01.08.2017 08:39 Грамадства

Пасол Украіны: Да верасня павінны быць прадстаўлены ўсе рашэнні па запуску вяшчання ў Беларусі ўкраінскага тэлеканала

Мінск, 1 жніўня. Да верасня павінны быць прадстаўлены ўсе рашэнні па запуску вяшчання ў Беларусі ўкраінскага тэлеканала, паведаміў у інтэрв'ю БелаПАН пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

Паводле яго слоў, пытанне вяшчання ўкраінскага тэлеканала ў Беларусі абмяркоўвалася 21 ліпеня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі ў Кіеве. "Пытанне гэта ўздымалася. Скажам так, яно не апускалася і не падала ніколі, праца вялася. На сустрэчы прэзідэнтаў у красавіку (26 красавіка 2017 года. — БелаПАН.) былі дадзены даручэнні канкрэтным людзям прапрацаваць пытанне і далажыць аб выніках, што і было зроблена", — сказаў Кізім.

"На маё здзіўленне, больш было нават зроблена беларускім бокам, — дадаў ён. — Я гутарыў з кіраўніцтвам нашых міністэрстваў інфармацыі, у тым ліку з Ліліяй Станіславаўнай Ананіч (міністр інфармацыі Беларусі. — БелаПАН.). У маім разуменні, у гэтай справе больш пытанняў тэхнічнага характару. Жаданне ёсць узаемнае, больш за тое — палітычная воля ёсць таксама. І, як мне здалося, больш у гэтым зацікаўлены якраз беларускі прэзідэнт, які выразна сказаў, што хацеў бы бачыць у інфармацыйнай прасторы Беларусі альтэрнатыўны пункт гледжання пра Украіну, у тым ліку пра падзеі на Данбасе".

Паводле слоў дыпламата, увесь гэты час абмяркоўвалася і пытанне аб фармаце вяшчання — ці будзе гэта сумесны беларуска-ўкраінскі ці толькі ўкраінскі тэлеканал. Да верасня павінны ўжо быць прадстаўлены канкрэтныя рашэнні. "Я вельмі спадзяюся, што да гэтага тэрміну будуць ужо ўсе рашэнні знойдзеныя, як яго запусціць. Давайце не будзем казаць пра тое, што ў верасні будзе канал, але ўсе рашэнні да гэтага тэрміну ўжо павінны быць прынятыя. Ва ўсякім выпадку, мы павінны далажыць нашым прэзідэнтам аб тым, што зроблена для гэтага", — сказаў Кізім.

Яшчэ адной тэхнічнай праблемай ён назваў тую акалічнасць, што ў Беларусі кабельныя сеткі дзяржаўныя і дзяржаўных каналаў тут больш. "У нас сетка ўся прыватная. Для таго каб на парытэтных пачатках запусціць каналы, атрымліваецца, што альбо вы не павінны плаціць за беларускі канал ва ўкраінскіх сетках, альбо мы павінны плаціць. І тут узнікае шэраг тэхнічных пытанняў, таму што ўладальнікі кабельных сетак ва Украіне — розныя, і з кожным трэба дамовіцца. Гэта пытанне нашы міністэрствы павінны неяк вырашыць", — адзначыў пасол.

Паводле слоў Кізіма, раней ішла гаворка пра тое, што ў Беларусі могуць запусціць канал замежнага вяшчання UA/TV, які ідзе ў многіх краінах на ўкраінскай, рускай, англійскай і іншых мовах. "Але гэта ўжо пытанне перамоў паміж канкрэтнымі ведамствамі. Тое, што ёсць палітычная воля і даручэнні, — гэта добрая дарожная карта для вырашэння пытання. Але лідзіруючыя пазіцыі тут павінны заняць нашы міністэрствы", — рэзюмаваў дыпламат.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239