Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/01/914225_456321/
Дата раздрукоўкі: 26.11.2020 01:58
01.08.2017 11:41 Эканоміка

Больш за 20 дакументаў падпісаныя падчас першага міжнароднага бізнес-форуму "Беларусь — Таджыкістан — Афганістан"

Мінск, 1 жніўня. Больш за 20 дакументаў падпісаныя падчас першага міжнароднага бізнес-форуму "Беларусь — Таджыкістан — Афганістан". Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, мерапрыемства прайшло 28 ліпеня ў Душанбэ ў рамках міжнароднай універсальнай выставы-кірмашу "Таджыкістан-2017".

Дэлегацыю беларускіх дзелавых колаў на форуме ўзначальваў намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Сяргей Нябешка. У склад беларускай гандлёвай місіі ўваходзілі прадстаўнікі вядучых машынабудаўнічых холдынгаў "БелАЗ", "МАЗ", "Амкадор", "Гомсельмаш", "БелОМА", а таксама УП "Мінскінтэркапс", ЗАТ "Мінскі завод безалкагольных напояў", ТАА "Пажснаб".

На беларускім стэндзе была прэзентаваная сельскагаспадарчая тэхніка і абсталяванне, спецыяльная тэхніка на базе шасі "МАЗ", прадукцыя машына- і прыборабудавання, харчовай і фармацэўтычнай прамысловасці і іншых галін.

Афганскую дэлегацыю з прадстаўнікоў больш як 60 кампаній ўзначаліў першы намеснік старшыні праўлення ГПП Афганістана Алоказай Хан Джан.

З таджыкскага боку ў мерапрыемствах выставы і форуму ўзялі ўдзел члены Гандлёва-прамысловай палаты Таджыкістана, Нацыянальнай асацыяцыі малога і сярэдняга бізнесу Таджыкістана, прадстаўнікі міністэрстваў, дзяржаўных і прыватных арганізацый.

Бізнес-форум быў арганізаваны гандлёва-прамысловымі палатамі трох краін і пасольствам Беларусі ў Таджыкістане пры падтрымцы беларускага і таджыкскага урадаў. Форум праводзіўся для пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана, а таксама наладжвання дзелавых кантактаў з Афганістанам, адзначылі ў прэс-службе.

У адкрыцці пленарнага пасяджэння бізнес-форуму ўзялі ўдзел пасол Беларусі ў Таджыкістане і Афганістане па сумяшчальніцтве Алег Іваноў, пасол Афганістана ў Таджыкістане Залмай Юнусі, кіраўнікі гандлёвых палат і іншыя афіцыйныя асобы.

29 ліпеня ў пасольстве Беларусі ў Таджыкістане адбылася рабочая сустрэча намесніка старшыні БелГПП Сяргея Нябешкі з кіраўнікамі Гандлёва-прамысловай палаты Афганістана. Паводле вынікаў перамоў дасягнутая дамоўленасць аб падпісанні ў жніўні 2017 года ў Мінску пагаднення аб супрацоўніцтве паміж гандлёвымі палатамі дзвюх краін.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239