Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/01/914257_914258/
Дата раздрукоўкі: 26.11.2020 01:54
01.08.2017 14:49 Грамадства

МУС не падтрымаў ініцыятыву па змене ўмоў утрымання ў ІЧУ

Мінск, 1 жніўня. МУС не падтрымаў ініцыятыву па змене ўмоў утрымання ў ізалятарах часовага ўтрымання. Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, гэта вынікае з адказу на калектыўны зварот, пад якім было сабрана 364 подпісы. Зварот быў падрыхтаваны сумесна ініцыятывай "Праваабаронцы супраць катаванняў" і закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна".

У звароце прапаноўвалася выключыць з пункта 47 Правілаў унутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту дзясяты абзац, які ўстанаўлівае, што "перадача не прымаецца і вяртаецца наведвальніку ў выпадку адсутнасці дазволу начальніка месца адбыцця адміністрацыйнага арышту на ўручэнне адміністрацыйна арыштаванаму перадачы, што перадаецца асобай, якая не з`яўляецца для адміністрацыйна арыштаванага блізкім сваяком".

Таксама прапаноўвалася вырашыць пытанне аб штодзённым (без выхадных) прыёме прадуктовых перадач асобам, якiя адбываюць адміністрацыйны арышт; размясціць на сайце УУС аблвыканкамаў інфармацыю пра месцы знаходжання ІЧУ, тэрыторыю, што абслугоўваецца, графікі працы і асабістага прыёму кіраўніцтвам, нумары тэлефонаў, графік і парадак прыёму прадуктовых перадач, спатканні, прадубляваць гэту інфармацыю на інфармацыйных стэндах падведамасных АУС.

У звароце таксама прапаноўвалася заканадаўча замацаваць норму, якая ўсталёўвае ўскладанне нагляду за арыштаванымі жанчынамі толькі на супрацоўнікаў жаночага полу.

З адказу Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі вынікае, што змяненне Правілаў унутранага распарадку магчымае толькі ў выпадку ўнясення змяненняў у ч. 9 арт. 18.7 ПВКоАП, а МУС не з`яўляецца суб`ектам заканадаўчай ініцыятывы.

Высветлілася, што час прыёму перадач вызначаецца начальнікамі ІЧУ самастойна, зыходзячы са спецыфікі службовай дзейнасці канкрэтнага ізалятара (ліміту напаўняльнасці, сярэдняй колькасці адміністрацыйна арыштаваных і інш.). У ІЧУ з вялікім лімітам напаўняльнасці прыём перадач, як правіла, ажыццяўляецца штодня, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні. На думку часовага выканаўцы абавязкаў па пасадзе начальніка ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС Сяргея Аляшкевіча, гэта найбольш аптымальны варыянт арганізацыі працы.

Нягледзячы на тое што асобы, якія адбылі адміністрацыйны арышт, атрымліваюць рахункі для аплаты харчавання падчас знаходжання ў ІЧУ, Аляшкевіч сцвярджае, што асобы, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, дастатковым для падтрымання здароўя і сіл.

Па пытанні аб размяшчэнні інфармацыі аб месцах знаходжання ІЧУ Аляшкевіч паведаміў, што "пераважная большасць ІЧУ размяшчаюцца ў будынку АУС альбо на яго тэрыторыі, г.зн. маюць з АУС аднолькавы адрас месца размяшчэння". Пры гэтым адзначаецца, што інфармацыя аб адрасах АУС, тэрыторыі, што абслугоўваецца, графіках працы і асабістага прыёму кіраўніцтва, нумарах тэлефонаў размешчана на афіцыйных сайтах ГУУС Мінгарвыканкама, УУС аблвыканкамаў. Парадак прыёму прадуктовых перадач, а таксама правядзення спатканняў адміністрацыйна арыштаваных з адвакатамі ці іншымі асобамі, якія маюць права на аказанне юрыдычнай дапамогі, падрабязна рэгламентаваны Правіламі ўнутранага распарадку, гаворыцца ў адказе.

Прапанова аб заканадаўчым замацаванні нормы аб ажыццяўленні нагляду за арыштаванымі жанчынамі толькі супрацоўнікамі належнага полу таксама не знайшла падтрымкі МУС. Нягледзячы на шматлікія скаргі жанчын, арыштаваных у лютым—сакавіку 2017 года, у адказе МУС указана, што ў ІЧУ працуюць супрацоўнікі жаночага полу ў колькасці, дастатковай для арганізацыі бяспекі жанчын.

"Паколькі гаворка ідзе пра ўмовы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных, заява аб тым, што асобы, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, з`яўляецца недакладнай, — пракаментаваў атрыманы з МУС адказ праваабаронца Сяргей Усцінаў. — Акрамя таго, з адказу Аляшкевіча прасочваецца, што магчымасць атрымання перадач адміністрацыйна арыштаванымі напрамую залежыць ад напоўненасці ІЧУ і жадання начальнікаў. Што тычыцца заканадаўчага замацавання нормы, якая ўстанаўлівае ўскладанне нагляду за арыштаванымі жанчынамі толькі на супрацоўнікаў жаночага полу, то адказ Аляшкевіча аналагічны шматлікім адказам чыноўнікаў — не прызнаваць праблемы. Такім чынам, можна сцвярджаць, што наша ініцыятыва цалкам адхіляецца Міністэрствам унутраных спраў".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239