Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/05/914764_147852/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 11:03
05.08.2017 13:32 Эканоміка

У Дзяржкамваенпраме абмеркаваныя перспектыўныя напрамкі распрацоўкі і вытворчасці ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі

Мінск, 5 жніўня. Перспектыўныя напрамкі распрацоўкі і вытворчасці ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі (УВСТ) абмеркаваныя на нарадзе ў Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Беларусі, паведаміў БелаПАН прадстаўнік Дзяржкамваенпрама Уладзімір Лаўранюк.

Старшыня камітэта Алег Двігалёў адзначыў, што галоўная мэта нарады — даць ацэнку працы кіраўніка арганізацыі і яго намеснікаў па выкананні даведзеных паказчыкаў праграмы развіцця абароннага сектара эканомікі і Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта да 2020 года. Пры гэтым асноўная ўвага звернутая на тое, чаго не ўдалося дасягнуць, на ўзніклыя праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння.

У сваім дакладзе першы намеснік старшыні Дзяржкамваенпрама Ігар Дземідзенка падрабязна спыніўся на праблемных пытаннях распрацоўкі і вытворчасці ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Паводле яго слоў, падчас рэалізацыі праграмы развіцця абароннага сектара эканомікі (АСЭ) і Дзяржкамваенпрама да 2020 года будзе працягнутае ўдасканаленне сістэмы кіравання АСЭ, абнаўленне вытворчай базы арганізацый і стварэнне вытворчасцяў на новай тэхналагічнай аснове па выпуску новага пакалення УВСТ, а таксама неабходных імпартазамяшчальных вытворчасцяў, "што дазволіць ім распрацоўваць і серыйна выпускаць высакаякасную канкурэнтаздольную прадукцыю, захаваць і пашырыць прысутнасць на рынках узбраення, забяспечыць патрэбы сілавых структур у сучасных сродках ўзброенай барацьбы".

Пры разглядзе вынікаў працы арганізацый Дзяржкамваенпрама ў першым паўгоддзі 2017 года намеснік кіраўніка ведамства Дзмітрый Пантус паведаміў, што рэнтабельнасць продажу ў прамысловасці склала 22,6%, узровень энергазберажэння дасягнуў мінус 9,1%, тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 117,1%, тэмп росту экспарту тавараў і паслуг — 102,3%, выручка на аднаго сярэдняспіскавага работніка — 45 тыс. рублёў. Чысты прыбытак арганізацый сістэмы Дзяржкамваенпрама склаў 136,8 млн рублёў.

Паводле вынікаў нарады Алег Двігалёў даў указанні па забеспячэнні якаснай рэалізацыі вызначаных у праграме кірункаў развіцця прадпрыемстваў Дзяржкамваенпрама, арганізацыі выпуску новай прадукцыі, запатрабаванай замоўцамі. Пры гэтым паставіў задачу надаць асаблівую ўвагу стварэнню комплексных узораў ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, якія спалучаюць у сабе ўзаемазвязаныя комплексы сродкаў разведкі, кіравання, паражэння і забеспячэння.

Плануецца ў рабочым парадку заслухаць справаздачы кіраўнікоў арганізацый, якія маюць за першае паўгоддзе 2017 года невыкананне ключавых паказчыкаў бізнес-планаў, па выніках працы — правесці пасяджэнне камісіі па разглядзе пытання аб вызначэнні памеру квартальнага бонуса кіраўнікам арганізацый за II квартал з улікам вынікаў выканання паказчыкаў бізнес-планаў развіцця арганізацый на 2017 год, графікаў росту заработнай платы сёлета і забеспячэння апераджальнага росту прадукцыйнасці працы над ростам заработнай платы.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239