Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/07/914901_478566/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 14:59
07.08.2017 15:46 Грамадства

Лукашэнка прызначыў новага пастаяннага прадстаўніка пры ААН, узгадніў прызначэнне трох намеснікаў міністраў, чатырох гендырэктараў прадпрыемстваў і шэрагу мясцовых чыноўнікаў

Мінск, 7 жніўня. Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня прызначыў Валянціна Рыбакова пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН. Раней Рыбакоў займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў.

Андрэй Дапкюнас, які працаваў пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН, зойме месца намесніка міністра замежных спраў замест Рыбакова.

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта, Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне:

Аляксандра Корбута — намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (раней займаў пасаду намесніка міністра лясной гаспадаркі);

Аляксандра Бараулі — намеснікам міністра спорту і турызму (былы гендырэктар рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі");

Аляксандра Марчанкі — генеральным дырэктарам ААТ "Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання" — кампанія-кіраўнік холдынга "Аўтакампаненты";

Генадзя Азарава — генеральным дырэктарам ААТ "Віцязь";

Сяргея Пацкевіча — генеральным дырэктарам ААТ "Мінскі завод шасцерань";

Анатоля Марцуля — генеральным дырэктарам ААТ "МВАВТ";

Алега Мацкевіча — першым намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама;

Івана Кубракова — членам Віцебскага аблвыканкама;

Сяргея Клішэвіча — членам Мінскага гарвыканкама.

"Вы ў няпросты час прыходзіце ў кіраўніцтва першасным звяном кіраўніцкай вертыкалі, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да чыноўнікаў. — Я вас вельмі прашу ажыццяўляць свае ўладныя паўнамоцтвы ў поўным аб'ёме, каб я лішні раз не нагадваў вам пра тое, што вы старшыні райвыканкамаў і вы адказваеце за функцыянаванне гэтых тэрыторый".

"Разбярыцеся, з кім вы будзеце працаваць. Калі людзі ўжо ўвогуле закасцянелі, ад іх трэба вызваляцца. Калі хочаце камусьці даць шанц, будзе вельмі нядрэнна. Я прыхільнік таго, каб не рэзаць па жывым: розныя прычыны могуць быць, розныя стылі кіраўніцтва былі да вас. Таму дайце людзям шанц. Але гэты шанц не можа расцягнуцца на гады або доўгія месяцы — гэта літаральна месяц-два. Калі чалавек гатовы працаваць — няхай працуе", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на фармаванне апаратаў кіравання на месцах і заклікаў вельмі акуратна выбудоўваць узаемадзеянне з работнікамі райвыканкамаў. "Сёння больш-менш зарплата нармальная, можна і запытаць з людзей. Калі вы хочаце дзе-небудзь што-небудзь аптымізаваць, скараціць апарат кіравання, пакінуўшы пры гэтым грошы ў сябе (вы, напэўна, у курсе справы: мы менавіта з гэтага сыходзілі, прымаючы рашэнне па аптымізацыі), — калі ласка, гэта ўсё ў вашых руках", — сказаў ён.

Не менш важная праца з насельніцтвам, таму неабходна рэгулярна сустракацца з людзьмі, падкрэсліў Лукашэнка. "Яны гатовыя слухаць любых лектараў, любых прапаведнікаў, але людзі хочуць бачыць кіраўніка, які надзелены ўладнымі паўнамоцтвамі і можа сёння вырашыць іх праблемы. Я не кажу, што вам трэба з раніцы да вечара, як брыгадзіру ў вёсцы ў свой час, хадзіць па дамах — не. Вы вызначыцеся, як вы асабіста будзеце працаваць з людзьмі, у вас не так шмат прадпрыемстваў", — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Вы — мае прадстаўнікі на месцах. Вельмі прашу ажыццяўляць ўладу так, як мае быць, каб людзі разумелі і адчувалі, што гэтая ўлада ёсць", — дадаў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239