Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/07/914909_102036/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 14:55
07.08.2017 16:34 Грамадства

Лукашэнка новым кіраўнікам райвыканкамаў: Вы — мае прадстаўнікі на месцах

Мінск, 7 жніўня. "Вы — мае прадстаўнікі на месцах. Вельмі прашу ажыццяўляць уладу так, як мае быць, каб людзі разумелі і адчувалі, што гэтая ўлада ёсць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы 7 жніўня кіраўнікоў райвыканкамаў.
"Вы ў няпросты час прыходзіце ў кіраўніцтва першасным звяном кіраўніцкай вертыкалі, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да чыноўнікаў. — Я вас вельмі прашу ажыццяўляць свае ўладныя паўнамоцтвы ў поўным аб'ёме, каб я лішні раз не нагадваў вам пра тое, што вы старшыні райвыканкамаў і вы адказваеце за функцыянаванне гэтых тэрыторый".

"Разбярыцеся, з кім вы будзеце працаваць, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Калі людзі ўжо ўвогуле закасцянелі, ад іх трэба вызваляцца. Калі хочаце камусьці даць шанц, будзе вельмі нядрэнна. Я прыхільнік таго, каб не рэзаць па жывым: розныя прычыны могуць быць, розныя стылі кіраўніцтва былі да вас. Таму дайце людзям шанц. Але гэты шанц не можа расцягнуцца на гады або доўгія месяцы — гэта літаральна месяц-два. Калі чалавек гатовы працаваць — няхай працуе".

Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на фармаванне апаратаў кіравання на месцах і заклікаў вельмі акуратна выбудоўваць узаемадзеянне з работнікамі райвыканкамаў. "Сёння больш-менш зарплата нармальная, можна і запытаць з людзей. Калі вы хочаце дзе-небудзь што-небудзь аптымізаваць, скараціць апарат кіравання, пакінуўшы пры гэтым грошы ў сябе (вы, напэўна, у курсе справы: мы менавіта з гэтага сыходзілі, прымаючы рашэнне па аптымізацыі), — калі ласка, гэта ўсё ў вашых руках", — сказаў ён.

Не менш важная праца з насельніцтвам, таму неабходна рэгулярна сустракацца з людзьмі, падкрэсліў Лукашэнка. "Яны гатовыя слухаць любых лектараў, любых прапаведнікаў, але людзі хочуць бачыць кіраўніка, які надзелены ўладнымі паўнамоцтвамі і можа сёння вырашыць іх праблемы. Я не кажу, што вам трэба з раніцы да вечара, як брыгадзіру ў вёсцы ў свой час, хадзіць па дамах — не. Вы вызначыцеся, як вы асабіста будзеце працаваць з людзьмі, у вас не так шмат прадпрыемстваў", — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, сёння Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне:

Аляксандра Пазняка — старшынёй Аршанскага райвыканкама (раней ён быў памочнікам прэзідэнта — інспектарам па Віцебскай вобласці);

Алега Паскробкі — старшынёй Салігорскага райвыканкама (да гэтага — першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі);

Уладзіміра Бялова — старшынёй Ганцавіцкага райвыканкама;

Аляксандра Дарашэнкі — старшынёй Драгічынскага райвыканкама;

Андрэя Булаўкіна — старшынёй Бешанковіцкага райвыканкама;

Паўла Налівайкі — старшынёй Асіповіцкага райвыканкама;

Дзмітрыя Рубана — старшынёй Хоцімскага райвыканкама;

Алега Мацкевіча — першым намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама;

Івана Кубракова — членам Віцебскага аблвыканкама;

Сяргея Клішэвіча — членам Мінскага гарвыканкама.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239