Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/08/915076_147852/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 15:28
08.08.2017 18:05 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка абяцае бізнесу ліквідаваць "лішнія адміністрацыйныя бар'еры"

Мінск, 8 жніўня. Аляксандр Лукашэнка ў цэлым ухваліў пакет дакументаў, скіраваных на стымуляванне дзелавой ініцыятывы. Іх дапрацоўка будзе тычыцца ў асноўным тэхнічных момантаў і фармулёвак, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Праекты дакументаў па стымуляванні дзелавой ініцыятывы былі пададзеныя кіраўніку дзяржавы 8 жніўня.

Лукашэнка даручыў дапрацаваць іх да 1 кастрычніка. "Да 1 кастрычніка мы павінны выдаць грамадству і прадпрымальнікам гэтыя дакументы. Канчатковае рашэнне па іх павінна быць дакладна вывераным і ў поўнай меры адпавядаць інтарэсам нашай краіны. Неабходна быць абсалютна ўпэўненымі ў правільнасці зададзенага вектара прававога рэгулявання сферы прадпрымальніцтва", — сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава не павінна страціць кантроль у эканоміцы. "Людзі нам потым гэтага не даруюць. Калі нешта здарыцца, запытаюць з нас, з улады, і менш — з бізнесу", — сказаў ён.

"За захаванне ў эканоміцы дзяржаўнага кіравання і кантролю выказаліся і прадстаўнікі бізнесу, якія прысутнічалі на нарадзе, бо прадпрымальніцкая супольнасць у першую чаргу зацікаўленая ў стабільнасці і парадку", — паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Лукашэнка адзначыў, што "пададзеныя на разгляд нарматыўныя акты ўтрымліваюць шэраг даволі сур'ёзных навацый для эканамічнай сферы — ад паведамляльнага прынцыпу пачатку ажыццяўлення асобных відаў эканамічнай дзейнасці да сістэмы выбарачных праверак". "Гэта, бясспрэчна, сур'ёзны крок на шляху павышэння даверу да дзелавой супольнасці", — сказаў ён.

Ад уладаў чакаюць рашэнняў, якія дазволяць любому чалавеку адкрыць сваю справу і працаваць, кіруючыся мінімальным наборам патрабаванняў, дадаў Лукашэнка. "Усе непатрэбныя адміністрацыйныя бар'еры і працэдуры, якія замінаюць працы, неабходна ліквідаваць. Іх, на жаль, на сённяшні дзень багата", — прызнаў кіраўнік дзяржавы.

Ён, у прыватнасці, закрануў бар'еры ў будаўнічай сферы: "У свой час мы адмянілі ліцэнзаванне, аднак на змену прыйшлі новыя патрабаванні — атэстацыя прадпрыемства, сертыфікацыя будаўнічых работ, атрыманне пасведчання аб тэхнічнай кампетэнцыі. У выніку, на думку прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, гэтая галіна працягвае заставацца вельмі зарэгуляванай".

Неабходна таксама ўважліва паглядзець на аўтарскі і тэхнічны нагляд, заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, усе залішнія адміністрацыйныя бар'еры, з якімі сутыкаюцца бізнесмены, будуць скасаваныя. Разам з тым павысіцца адказнасць прадпрымальнікаў. "Не дай бог пасля 1 кастрычніка, калі гэтыя дакументы набудуць моц, нехта недзе не так будзе сябе паводзіць — мала не будзе, я вам гарантую", — папярэдзіў беларускі кіраўнік. "Мяне карабаціць, калі дакладваюць, што прадпрымальнікі спрабуюць працаваць і справай займаюцца, а мы пачынаем блох вышукваць. Гэтага быць не павінна", — дадаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён заклікаў бізнес-супольнасць быць сацыяльна адказнай і працаваць не толькі на сябе, але і на карысць краіны. "Ад любых сумесных дзеянняў — маіх, як прадстаўніка ўлады, і вашых, як прадстаўнікоў бізнесу, — павінен быць эфект для дзяржавы і для прадпрымальніцтва. Гульня ў адны вароты непрымальная. Я за тое, каб бізнес у нас быў свабодным, адказным, больш эфектыўным, але каб пасля прыняцця рашэнняў дзяржава стала мацнейшай. Калі вы па-іншаму гэта разумееце, тады ў нас з вамі наўрад ці нешта атрымаецца", — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама заклікаў бізнесменаў да разумення таго, што яны працуюць у дзяржаве і ад сілы гэтай дзяржавы залежыць і іх уласны дабрабыт. "Нельга дапусціць (як гэта ў вядомых дзяржавах) розніцу паміж беднатой і багатымі людзьмі ў 25-30 разоў. Гэта правобраз калі не будучай рэвалюцыі, то нестабільнасці дакладна", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Ён перасцярог прадпрымальнікаў, якія пачынаюць справу, ад неабгрунтаваных ілюзій: "Усе разумеюць бізнес так: вароты адкрыў, зайшоў — і грошы на цябе пасыпаліся. Так не бывае. Бізнес — гэта вельмі цяжкая ноша. Там трэба варушыцца і ведаць многае. Трэба валодаць не проста адпаведнымі, а цэлым комплексам навыкаў. Асабліва ў нашым грамадстве, якое толькі-толькі пачынае займацца гэтым відам дзейнасці. Таму заўсёды шукайце прычыну ў сабе і не бегайце па вуліцах і плошчах, рыдаючы аб тым, што дзяржава нешта не стварыла", — заявіў Лукашэнка.

Падчас дакладу яго праінфармавалі аб праекце дэкрэта аб развіцці прадпрымальніцтва, а таксама падалі праекты ўказаў па пытаннях ліцэнзавання, аграэкатурызму, рамеснай дзейнасці і дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы.

Асобная ўвага была нададзеная праекту дакумента, скіраванага на стварэнне льготных умоў для вядзення бізнесу ў малых гарадах і сельскай мясцовасці. У прыватнасці прадпрымальнікам, якія працуюць у гандлі, грамадскім харчаванні і сферы аказання бытавых паслуг, прапануецца дазволіць выплачваць адзіны збор у адну базавую велічыню ў месяц і вызваліць іх ад зямельнага падатку і падатку на нерухомасць.

Тэрыторыі, на якія будуць распаўсюджвацца льготы, вызначаць мясцовыя органы ўлады. "Прэзідэнт запатрабаваў, каб гэты ўказ не прывёў да зніжэння даходнай часткі бюджэту, а льготы павінны мець адрасны характар", — паведамляе прэс-служба.

Што да зменаў у сферы кантрольна-нагляднай дзейнасці, то Лукашэнка падтрымаў трохгадовы мараторый на павышэнне ставак падаткаў і ўвядзенне новых падаткаў, збораў (пошлін), сыход ад сістэмы планавых праверак бізнесу, у межах якіх наведаць суб'ект гаспадарання можна нават пры адсутнасці парушэнняў з яго боку.

Распрацоўкай дакументаў па стымуляванні дзелавой ініцыятывы займалася рабочая група на чале з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай. Група была створаная ў студзені паводле распараджэння Лукашэнкі. У яе ўвайшлі прадстаўнікі ўлады і бізнес-супольнасці.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239