Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/10/915277_447785/
Дата раздрукоўкі: 13.07.2020 23:47
10.08.2017 13:33 Эканоміка, Грамадства

Урад зацвердзіў палажэнне аб парадку давання жыллёвых субсідый

Мінск, 10 жніўня. Урад зацвердзіў палажэнне аб парадку давання грамадзянам субсідыі на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам і субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце пры будаўніцтве жылых памяшканняў. Адпаведная пастанова № 582 ад 4 жніўня апублікаваная на сайце Саўміна.

Дакументам рэгламентаваны парадак падачы заявы на атрыманне субсідый. Грамадзяне, якія маюць права на атрыманне субсідыі і ажыццяўляюць будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля, падаюць заяву ў раённыя, гарадскія выканаўчыя і распарадчыя органы, мясцовыя адміністрацыі па месцы пастаноўкі на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў па месцы жыхарства. Тыя, хто знаходзяцца на ўліку па месцы ваеннай службы ў дзяржорганах, што маюць права на зацвярджэнне спісаў на атрыманне субсідыі, падаюць заявы ў адпаведныя раённыя, гарадскія выканаўчыя і распарадчыя органы, мясцовыя адміністрацыі па месцы знаходжання дзяржаўных органаў.

Пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) у маладой сям'і першага або другога дзіця пасля прыняцця рашэння аб даванні субсідыі на падставе заявы грамадзяніна, які з'яўляецца атрымальнікам субсідыі на выплату часткі працэнтаў, дадзенай да прыёмкі ў эксплуатацыю жылога дома, уносяцца змены ў раней прынятае рашэнне, што прадугледжваюць пераразлік максімальнага нармаванага кошту жылога памяшкання, а таксама даванне субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу (змена яе памеру). Акрамя таго, змены ўносяцца і пры набыцці сям'ёй статусу шматдзетнай пасля прыняцця рашэння аб даванні субсідыі.

Таксама пры нараджэнні дзяцей пасля прыёмкі ў эксплуатацыю жылога дома, у якім размешчанае жылое памяшканне, пабудаванае (рэканструяванае) з даваннем субсідыі, адпаведнымі раённымі, гарадскімі выканаўчымі і распарадчымі органамі, мясцовымі адміністрацыямі ўносіцца змена ў раней прынятае рашэнне аб даванні субсідыі на выплату часткі працэнтаў без пераразліку максімальнага нармаванага кошту жылога памяшкання, якое прадугледжвае даванне субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу.

Пасля атрымання выпіскі з рашэння аб даванні субсідыі грамадзянін звяртаецца ў адзін з банкаў, якія ажыццяўляюць выдачу крэдыту на будаўніцтва з выкарыстаннем субсідыі, для заключэння крэдытнага дагавора і падае ў банк выпіску з названага рашэння, а таксама дакументы, пералік якіх вызначае банк.

Кожны месяц не пазней за 10-ю лічбу банкі накіроўваюць у аблвыканкамы і Мінгарвыканкам звесткі пра крэдытаатрымальнікаў. Пасля зверкі інфармацыі не пазней за апошні працоўны дзень месяца, наступнага за справаздачным, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам пералічваюць грамадзянам у банк сумы субсідыі. Банкі накіроўваюць сумы субсідыі на выплату часткі працэнтаў і субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па мэтавым прызначэнні.

Калі раённым, гарадскім выканаўчым i распарадчым органам, мясцовай адміністрацыяй прынятае рашэнне аб даванні грамадзяніну субсідыі на выплату часткі працэнтаў, аднак крэдытны дагавор паміж банкам і гэтым грамадзянінам не заключаны да прыёмкі ў эксплуатацыю жылога дома, прызнаецца, што рашэнне аб даванні субсідыі страціла сілу.

Аляксандр Лукашэнка 4 ліпеня падпісаў указ № 240 "Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў". Дакумент набыў моц 6 жніўня.

У дадатак да дзейнай сістэмы льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва ўводзіцца новы від дзяржаўнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — дзяржаўныя адрасныя субсідыі. Дзяржаўныя субсідыі будуць давацца на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва жылля, атрыманым грамадзянамі ў любым камерцыйным банку, а шматдзетным і маладым сем'ям і дзецям-сіротам — таксама на пагашэнне часткі асноўнага доўгу па такіх крэдытах.

Атрымальнікамі субсідый будуць усе грамадзяне, якія маюць права на атрыманне дзяржпадтрымкі ў адпаведнасці з указам прэзідэнта № 13 ад 2012 года.

Паводле інфармацыі ўрада, усяго на адраснае субсідаванне ў жыллёвым будаўніцтве зараз прадугледжана накіраваць прыкладна 135 млн рублёў. Першымі пачнуць рэалізацыю ўказа № 240 "Беларусбанк" і "Белаграпрамбанк". Плануецца, што пазней да іх далучацца камерцыйныя банкі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239