Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/10/915284_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 00:05
10.08.2017 14:00 Эканоміка

Прадпрыемствы канцэрна "Беллеспаперапрам" павялічылі ў першым паўгоддзі выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі больш чым у паўтара разу

Мінск, 10 жніўня. Прадпрыемствы канцэрна "Беллеспаперапрам" павялічылі ў першым паўгоддзі 2017 года выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі больш чым у 1,5 разу ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведаміла прэс-служба канцэрна.

Прадукцыя выпушчаная па 35 таварных пазіцыях на 196,24 млн долараў ЗША, што на 52,3% больш, чым у першым паўгоддзі 2016 года.

Новыя тавары пастаўляліся як на ўнутраны рынак, так і за мяжу. Умоўная эканомія валютных сродкаў за кошт рэалізацыі гэтай прадукцыі на беларускім рынку склала 51,64 млн долараў ЗША — на 24,4% больш, чым у студзені—чэрвені 2016 года. Экспарт вырас на 57% і склаў 111,1 млн долараў ЗША.

Да імпартазамяшчальнай прадукцыі прадпрыемстваў канцэрна адносяцца тавары, якія раней вырабляліся ў рэспубліцы ў недастатковай колькасці альбо не выпускаліся наогул. Гэта пліты драўняна-валакністыя (у тым ліку МДФ) і драўняна-стружкавыя, фанера, папера і кардон немелаваныя, кардон гафрыраваны і скрыні з яго, мяшкі папяровыя, кардон негафрыраваны, папера газетная і папера санітарна-гігіенічнага прызначэння, вырабы з яе і інш. Таксама гэта тавары, вытворчасць якіх асвоеная па дзейных дзяржаўных, навукова-тэхнічных і галіновых ці іншых праграмах. Да іх адносяцца шпалеры вінілавыя, папера-аснова для шпалер двухслаёвая і падлогавыя ламінаваныя пакрыцці.

Як адзначыла прэс-служба, "цяпер прадпрыемствы канцэрна працягваюць работу па далейшым развіцці імпартазамяшчэння, нарошчванні вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі. Ствараюцца дадатковыя магутнасці па глыбокай комплекснай перапрацоўцы драўніны, якія дазволяць вырабляць прадукцыю больш высокага класа і з больш выгадным дабаўленым коштам".

Асноўны прырост аб'ёмаў выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі чакаецца з уводам у эксплуатацыю новых цэлюлозна-папяровых вытворчасцяў — завода сульфатнай беленай цэлюлозы ў ААТ "Светлагорскі ЦКК" і завода мелаваных і немелаваных відаў кардону ў філіяле холдынгу "Беларускія шпалеры" "Папяровая фабрыка "Герой працы" ў Добрушы.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239