Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/10/915314_478212/
Дата раздрукоўкі: 20.03.2019 03:58
10.08.2017 16:39 Эканоміка, Грамадства

У ліпені ў Беларусі зафіксаваная дэфляцыя

Мінск, 10 жніўня. У Беларусі сёлета ўпершыню зафіксаваная дэфляцыя. Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, індэкс спажывецкіх цэн у ліпені знізіўся на 0,1%.
Апошні раз дэфляцыя назіралася ў жніўні 2016 года, да гэтага — у 2009 годзе.

У студзені 2017 года цэны выраслі на 0,9%, у лютым — на 0,5%, у сакавіку — на 0,3%, у красавіку — на 0,7%, у маі — на 0,3%, у чэрвені — на 0,7%. У параўнанні са снежнем 2016 года інфляцыя склала 3,3%.

У ліпені цэны на харчовыя тавары знізіліся на 0,7%, на нехарчовыя — выраслі на 0,4%, на паслугі — на 0,6%.

Афіцыйны прагноз уладаў прадугледжвае інфляцыю ў 2017 годзе ў межах 9%. Аднак, як паведаміў 26 чэрвеня першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой, урад разлічвае, што да канца года інфляцыя не перавысіць 7%. "І гэта мы пакуль асцярожна закладваем. Пяць месяцаў скончылі з інфляцыяй у 2,7%. Гэта гістарычны мінімум, таму наогул чакаем меншы паказчык у 6-6,5%", — заявіў прадстаўнік міністэрства.

У апублікаваным 10 жніўня штоквартальным макраэканамічным аглядзе Еўразійскага банка развіцця адзначаецца, што аднаўленне спажывецкага попыту, павышэнне тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і паступовае аслабленне намінальнага абменнага курсу ў другім паўгоддзі будуць спрыяць некатораму паскарэнню інфляцыйных працэсаў у Беларусі. "Пры гэтым варта адзначыць, што дадатковы націск на інфляцыю можа зрабіць пагаршэнне ўраджаю з-за сёлетніх умоў надвор`я і рост цэн на прадукты харчавання. Далейшае правядзенне збалансаванай грашова-крэдытнай палітыкі будзе спрыяць захаванню інфляцыі ў межах мэтавых арыенціраў на ўсім прагнозным перыядзе", — лічаць аўтары агляду.

У 2016 годзе інфляцыя дасягнула 10,6% пры прагнозе 12%. За 2015 год паказчык склаў 12% пры аналагічным афіцыйным прагнозе. За апошнія 10 гадоў мінімальны ўзровень інфляцыі назіраўся ў 2006 годзе — 6,6%, максімальны — у 2011-м — 108,7%.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН