Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/11/915407_915408/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 12:36
11.08.2017 13:43 Эканоміка

Андрэй Кабякоў наведае Казахстан

Мінск, 11 жніўня. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 12—14 жніўня будзе знаходзіцца з рабочым візітам у Казахстане, паведаміла прэс-служба ўрада.

13 жніўня запланавана сустрэча з прэм'ер-міністрам Казахстана Бактыжанам Сагінтаевым, падчас якой будуць абмеркаваныя актуальныя пытанні як двухбаковага супрацоўніцтва, так і ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў. Таксама кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Казахстана прымуць удзел у адкрыцці выставы Made in Belarus. Astana і працы беларуска-казахстанскага бізнес-форуму.

У гэты ж дзень Кабякоў возьме ўдзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Нацыянальнага дня Рэспублікі Беларусь у рамках міжнароднай спецыялізаванай выставы "Экспа-2017".

14 жніўня прэм'ер-міністр Беларусі прыме ўдзел у пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета (ЕМС). На парадку дня — 13 пытанняў. На разгляд прэм'ер-міністраў будзе прадстаўлены даклад аб ходзе працы па падрыхтоўцы асноўных кірункаў рэалізацыі лічбавага парадку дня ЕАЭС. Дэталёва будзе разгледжаны ход працы над праектам пагаднення аб механізме нагляду за таварамі ў рамках саюза.

Таксама кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць праект дагавора аб пенсійным забеспячэнні працоўных дзяржаў — членаў інтэграцыйнага аб'яднання. У цэнтры ўвагі, паведамляе прэс-служба, будзе фарміраванне адзінага электраэнергетычнага рынку і меры па рэалізацыі скаардынаванай транспартнай палітыкі. Плануецца абмеркаваць ход падрыхтоўкі пагадненняў аб прэферэнцыйных гандлёвых рэжымах з міжнароднымі партнёрамі саюза і іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

У гэты ж дзень запланавана сумеснае наведванне прэм'ер-міністрамі краін — удзельніц ЕМС павільёнаў дзяржаў — членаў ЕАЭС на выставе "Экспа-2017".

Паводле звестак Белстата, тавараабарот Беларусі з Казахстанам за студзень—май 2017 года склаў 228,5 млн долараў ЗША, што ў 1,7 разу больш, чым за аналагічны леташні перыяд. У тым ліку экспарт — 190,6 млн (у 1,6 разу больш), імпарт — 37,9 млн (у 3,1 разу больш). Станоўчае сальда склала 152 млн 734 тыс. долараў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239