Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/11/915428_915429/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 12:49
11.08.2017 13:55 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка запатрабаваў прывесці ў парадак аэрапорт Брэст

Мінск, 11 жніўня. Падчас паездкі ў Брэст 11 жніўня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прывесці ў парадак Брэсцкі аэрапорт.

"Што трэба зрабіць — трэба лішняе ўсё, што тут ёсць, зямельныя плошчы, аддаць па прызначэнні. Мы па савецкіх мерках адхапілі 0,5 тыс. га зямлі. Не даглядаеш аэрапорт — гэта дрэнна", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле яго слоў, калі аэрапорт цалкам не загружаны сёння, то гэта не значыць, што і ў будучыні будзе гэтак жа. "Вазьмі па контуры — колькі трэба для аэрапорта, столькі і пакінь. Усё астатняе аддай людзям: хтосьці захоча пабудаваць прадпрыемства. Да ўзлётна-пасадачнай паласы хоць бы ўрабляй травы. Прывядзі ўсё ў парадак", — даручыў Лукашэнка губернатару Брэсцкай вобласці Анатолю Лісу.

Кіраўніка дзяржавы таксама праінфармавалі, што пры будаўніцтве Заходняга абходу Брэста спатрэбіцца знесці жылыя дамы, аднак гэты аспект будзе мінімізаваны. Паводле слоў мясцовых чыноўнікаў, грамадзянам прапаноўваюць камфортнае жыллё недалёка ад месца іх цяперашняга пражывання. Мяркуецца, што ў новыя кватэры пераедуць каля 40 сем'яў.

"Людзей крыўдзіць не трэба, — заявіў у адказ Лукашэнка. — Трэба пабудаваць дом у лепшых умовах. Толькі глядзіце, каб не атрымалася, што ў адну кватэру сем сем'яў папрапісваюцца, і вы потым будзеце будаваць кожнаму жыллё".

Заходні абход Брэста — найбуйнейшая транспартная развязка. У 2014 годзе завяршылася будаўніцтва першай чаргі праекта, быў адкрыты шасціпалосны аўтамабільны мост цераз Мухавец у раёне мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць". Завяршыць другую чаргу плануецца ў 2019 годзе. Развязка дазволіць ліквідаваць чэргі на чыгуначных пераездах, пераразмеркаваць аўтамабільныя патокі і вызваліць цэнтральныя вуліцы горада ад вялікагрузаў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239