Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/11/915442_915443/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 11:28
11.08.2017 14:39 Эканоміка

Лукашэнка: Беларусь атрымлівае значную аддачу ад сродкаў, укладзеных у мадэрнізацыю перапрацоўчай прамысловасці

Мінск, 11 жніўня. Беларусь атрымлівае "значную аддачу" ад сродкаў, укладзеных у мадэрнізацыю перапрацоўчай прамысловасці, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня, наведваючы ў Брэсце ААТ "Савушкін прадукт".

"У гэтым сегменце эканомікі з`явілася шмат кампаній з сучасным тэхналагічным укладам. Яны дэманструюць высокую культуру вытворчасці, праяўляюць гнуткасць, клапоцяцца аб сыравіннай базе, укладваюць грошы ва ўласнае развіццё, забяспечваюць сваім работнікам годны сацыяльны пакет, узводзяць для іх жыллё", — цытуе Лукашэнку прэс -служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў ААТ "Савушкін прадукт" ганаровы дзяржаўны сцяг Беларусі за асаблівыя дасягненні ў гаспадарчым развіцці. "Гэта не толькі знак высокага прызнання заслуг усяго вашага калектыву, але і паказчык той народнай любові, якую змог заваяваць "Савушкін прадукт". Прадукцыя прадпрыемства сёння на стале практычна ў кожнай сям`і", — адзначыў ён.

Лукашэнка заявіў, што дзякуючы шырокаму асартыменту і "выдатнай якасці" тавары пад гэтым брэндам набылі папулярнасць не толькі на радзіме, але і за яе межамі. У мінулым годзе, адзначыў Лукашэнка, аб`ём экспарту прадпрыемства склаў звыш 210 млн долараў.

"За апошнія 10 гадоў кампанія накіравала на пашырэнне і мадэрнізацыю сваёй вытворчасці амаль 300 млн долараў. Важна, што грошы ідуць не толькі на тэхнічнае абсталяванне і будаўніцтва новых вытворчых аб`ектаў, але і на ўмацаванне сыравіннай базы. Грамадства пашырае свае вытворчыя магутнасці, набываючы спецыялізаваныя сельгаспрадпрыемствы, рэканструюючы жывёлагадоўчыя комплексы, абнаўляючы дойны статак. Пры такой увазе да крыніц сыравіны вы заўсёды забяспечаныя натуральным малаком, і прытым самай высокай якасці", — дадаў афіцыйны лідар.

Лукашэнка таксама адзначыў, што "ў харчовых адносінах Беларусь стала не толькі самадастатковай, але і экспартна арыентаванай". "Былі часы, калі мы сабе дазволіць такога асартыменту і такой колькасці тавараў у Беларусі не маглі. Памятаеце знакамітыя талоны. Цяпер мы пра гэта забыліся", — цытуе яго дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што аб`ём рэалізаванага за мяжу харчавання ў 2016 годзе перасягнуў 4 млрд долараў, а па некаторых пазіцыях, напрыклад па экспарце сметанковага масла, тварагу, абястлушчанага малака, Беларусь увайшла ў лік сусветных лідараў. "Што тычыцца ўнутранага рынку, то ён даўно насычаны айчыннымі прадуктамі харчавання, якія дзякуючы высокай якасці і даступнасці паспяхова канкурыруюць з імпартнымі аналагамі", — сказаў Лукашэнка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239