Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/11/915444_102589/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:00
11.08.2017 15:09 Грамадства

Двум мінчанам выстаўленае абвінавачанне ў вырабе падробленых купюр наміналам 20 беларускіх рублёў

Мінск, 11 жніўня. Завершанае расследаванне крымінальнай справы аб вырабе падробленых грашовых білетаў наміналам 20 беларускіх рублёў. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства выстаўленае двум жыхарам Мінска.

Гэта першы зафіксаваны выпадак падробкі новых грашовых купюр у Беларусі.

Следства выявіла, што зімой 2017 года 28-гадовы мужчына ў сябе на дачы з дапамогай ноўтбука і друкарскай тэхнікі вырабляў падробленыя грашовыя купюры наміналам 20 беларускіх рублёў. Ён перадаваў банкноты 26-гадоваму знаёмаму, які набываў на іх розныя дробязі: жавальную гумку, талоны для праезду ў грамадскім транспарце, аплачваў праезд у маршрутных таксі і г. д. Атрыманую здачу мужчыны дзялілі паміж сабой.

Пры вобыску па месцы жыхарства падазраваных следчыя канфіскавалі камп'ютарную тэхніку, падробленыя банкноты наміналам 20 рублёў, прылады для кропельна-струменнага друку, загатоўкі для пячатак з адбіткамі штампаў розных арганізацый, бланкі даведак аб даходах фізічнай асобы і іншыя прадметы для вырабу фальшывых дакументаў.

Экспертыза ўстанавіла, што ўсе выявы на падробленых рублях былі выкананыя спосабам каляровага струменнага друку. Ахоўная нітка імітаваная пры дапамозе каляровага струменнага друку з наступным нанясеннем фрагментаў фольгі на пярэднім баку грашовых білетаў.

Акрамя таго, следства выявіла факт вырабу падробленага афіцыйнага дакумента для атрымання крэдыту — даведкі аб даходах.

Канчатковае абвінавачанне мужчынам выстаўленае ў вырабе і збыце падробленых грошай, замаху на тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, а таксама ў падробцы і вырабе падробленых дакументаў і штампаў. Усяго ім інкрымінуюць 26 эпізодаў злачыннай дзейнасці.

Справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239