Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/11/915457_445668/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 02:20
11.08.2017 15:37 Грамадства

Кіраўнік НАН Беларусі абмеркаваў з касманаўтам Навіцкім правядзенне ў Беларусі міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў

Мінск, 11 жніўня. У Мінску 11 жніўня адбылася сустрэча старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Уладзіміра Гусакова з расійскім касманаўтам Алегам Навіцкім.

Як паведамляе прэс-служба НАН, галоўнай тэмай перамоў стала падрыхтоўка да правядзення 31-га міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які пройдзе ў Беларусі ў верасні 2018 года, а таксама ўдзел у гэтым форуме расійскіх касманаўтаў.

"Мы надаем асаблівую значнасць правядзенню кангрэса ў Беларусі, у якім возьмуць удзел прадстаўнікі дзясяткаў краін свету, — адзначыў Гусакоў. — Гэтае мерапрыемства адыграе важную ролю ва ўмацаванні іміджу Беларусі як касмічнай дзяржавы. У гэтай сувязі вашы рэкамендацыі і прапановы па арганізацыі, плане правядзення, праграме знаходжання ўдзельнікаў форуму ў Мінску маюць вялікае значэнне".

Кіраўнік НАН азнаёміў Навіцкага з дасягненнямі Беларусі ў касмічнай сферы. Ён падкрэсліў, што з запускам беларускага касмічнага апарата сумесна з расійскім КА "Канопус-В" у ліпені 2012 года Беларусь увайшла ў лік сусветных касмічных дзяржаў і атрымала магчымасць рэальнага ўдзелу ў міжнародных структурах і праектах па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

На 68-й сесіі Генасамблеі ААН 1 лістапада 2013 года Беларусь была прынятая ў члены Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў збярэ дэлегатаў больш як з 30 краін. Дэлегаты наведаюць некалькі інстытутаў НАН Беларусі і пазнаёмяцца з дасягненнямі краіны ў касмічнай сферы.

Асацыяцыя ўдзельнікаў касмічных палётаў — міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая аб'ядноўвае касманаўтаў і астранаўтаў з многіх краін. Яна створаная ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілатаваных касмічных палётаў.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239