Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/14/915619_915620/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 02:57
14.08.2017 09:19 Эканоміка, Фінансы

Улады Беларусі ўзялі абавязацельствы па лібералізацыі валютнага рэгулявання

Мінск, 14 жніўня. Да канца 2017 года беларускія ўлады павінны прыняць меры па лібералізацыі валютнага рэгулявання. Адпаведныя абавязацельствы замацаваны ва ўдакладненай матрыцы мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў, на падставе выканання якой Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця прымае рашэнне аб выдзяленні Беларусі траншаў крэдыту.
Згодна з матрыцай, удакладнены варыянт якой апублікаваў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, да 1 кастрычніка ў Беларусі павінен быць зніжаны нарматыў абавязковага продажу валютнай выручкі з цяперашніх 20% да 10%.

Акрамя таго, да 1 студзеня 2018 года павінна быць адменена мэтавая купля валюты юрыдычнымі асобамі і беларускім прадпрыемствам павінна быць дадзена магчымасць набываць СКВ "без тлумачэння банкам мэтаў яе пакупкі". Цяпер юрыдычныя асобы ў Беларусі могуць купляць замежную валюту строга на пэўныя мэты, напрыклад каб разлічыцца па валютных крэдытах.

Варта адзначыць, што мэтавая купля замежнай валюты ў Беларусі існуе з 1991 года (гэта пытанне рэгулявалася яшчэ Беларускім рэспубліканскім банкам Дзяржбанка СССР). Абавязковы продаж валютнай выручкі ў Беларусі дзейнічае з 1 кастрычніка 1993 года.

Беларускія эканамісты лічаць, што ў цяперашніх умовах вялікай патрэбы ў гэтых адміністрацыйных абмежаваннях няма і таму яны паступова могуць быць адмененыя, што і прадугледжваюць абавязацельствы Беларусі перад ЕФСР.

"Сітуацыя на валютным рынку спакойная, насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты, золатавалютныя рэзервы паступова павялічваюцца, і ў гэтай сітуацыі вялікай патрэбы ў адміністрацыйных рычагах рэгулявання рынку няма", — адзначыў у каментары БелаПАН старшыня назіральнага савета Даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась.

У сувязі з гэтым эксперт выказаў меркаванне, што Беларусь выканае ўзятыя абавязацельствы перад ЕФСР па лібералізацыі валютнага рэгулявання.

Нагадаем, беларускія ўлады вясной 2016 года падпісалі крэдытную праграму аб атрыманні з Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця крэдыту на 2 млрд долараў, які выдзяляецца ў 2016—2018 гадах сямю траншамі. На гэты час Беларусь атрымала чатыры траншы на 1,4 млрд долараў. Для атрымання траншаў беларускія ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер эканамічнай палітыкі.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239