Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/15/915796_915797/
Дата раздрукоўкі: 13.07.2020 23:56
15.08.2017 14:37 Грамадства

У Беларусі прапаноўваецца абмеркаваць вяртанне да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў

Мінск, 15 жніўня. У Беларусі прапаноўваецца абмеркаваць вяртанне да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў, паведаміў журналістам віцэ-прэм'ер Васіль Жарко па выніках рабочай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 15 жніўня.

"Дзесяць гадоў як у краіне ўведзена дзесяцібальная сістэма навучання (дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў была ўведзена ў Беларусі ў 2002 годзе. — БелаПАН.). Шмат пытанняў стаіць па дзесяцібальнай сістэме — гэта і часам бывае суб'ектывізм у ацэнцы, і ў нас няма нездавальняючай ацэнкі. Таму што адзін бал — гэта таксама ацэнка ведаў. Раней разумелі: адзінка, двойка — гэта нездавальняючыя адзнакі. Таму трэба вынесці на абмеркаванне грамадскасці. Можа быць, і вярнуцца да пяцібальнай сістэмы. Каб кожны разумеў: чатыры, значыць, чатыры. Пяць, значыць — выдатнік. Няма суб'ектывізму. Што такое чатыры з мінусам, чатыры і чатыры з плюсам, 6, 7, 8... Дзе грань паміж шасцёркай і сямёркай, сямёркай і васьмёркай?" — цытуе віцэ-прэм'ера дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле слоў Жарко, прэзідэнт, выслухаўшы прапанову, падкрэсліў, што гэта пытанне неабходна вельмі добра абмеркаваць перад тым, як прымаць рашэнне.

Віцэ-прэм'ер таксама расказаў, што на сустрэчы абмяркоўвалася тэма завочнага навучання. "Дзяржаўная камісія ўнесла прапанову, што завочнае навучанне ў асноўным павінна быць платнае, — паведаміў ён. — Для выпускнікоў сярэдніх школ — толькі праз год стажу працы, каб выпускнік меў навыкі і разумеў, на каго ён ідзе, каб нейкая спецыяльнасць ужо была абраная. Па некаторых спецыяльнасцях завочнае навучанне можа быць таксама на бюджэтнай форме".

Жарко адзначыў розніцу ва ўзроўні падрыхтоўкі на дзённым і завочным аддзяленнях. "На завочнае аддзяленне, я лічу, павінны ісці свядома тыя, хто прайшоў ступені ці ПТВ, ці сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, каледжа", — сказаў ён.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, на сустрэчы абмяркоўвалася мэтазгоднасць уліку сярэдняга бала атэстата пры паступленні ў навучальныя ўстановы. "У перспектыве трэба паглядзець, ці трэба пры паступленні ўлічваць сярэдні бал атэстата. Таксама ёсць пытанні, школьнікі стараюцца, каб падцягнуць усе веды. Зноў жа, каб тут не было суб'ектывізму. Гэта на будучыню", — дадаў Жарко.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239