Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/15/915816_915817/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 08:10
15.08.2017 14:51 Грамадства

Віцэ-прэм`ер Васіль Жарко заяўляе пра неабходнасць правядзення атэстацыі ВНУ

Мінск, 15 жніўня. У Беларусі прапаноўваецца паступова зніжаць набор на навучанне ў вышэйшых навучальных установах, паведаміў журналістам намеснік прэм`ер-міністра Васіль Жарко 15 жніўня па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

"Нам неабходна выбудоўваць правільную піраміду навучання. Яна ў нас трохі перавернутая", — цытуе Жарко дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле слоў віцэ-прэм`ера, сёння ў краіне выпускнікоў ВНУ ў два разы больш, чым тых, хто скончыў установы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. "Трэба наадварот выбудоўваць: каб у ВНУ ішоў чалавек найбольш дасведчаны, падрыхтаваны. Таму мы, напэўна, будзем паволі змяншаць колькасць тых, хто паступае ў ВНУ, а даваць больш месцаў для паступлення на прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Каб чалавек, калі завяршыў навучанне ў каледжы, разумеў, куды ідзе, і паступаў у ВНУ нават няхай на завочную, але скарочаную форму навучання", — растлумачыў Жарко.

Ён таксама заявіў аб неабходнасці правесці атэстацыю і праверыць на адпаведнасць ліцэнзаваным патрабаванням усе ВНУ Беларусі. "У краіне 51 ВНУ. З іх 9 — прыватнай формы ўласнасці і 42 дзяржаўныя. І я разумею, што іх, напэўна, для нашай невялікай краіны і шмат", — сказаў віцэ-прэм`ер.

Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі, сёлета ВНУ Беларусі прынялі на навучанне 53,5 тыс. першакурснікаў — гэта на 2 тыс. менш, чым годам раней. План прыёму за кошт бюджэту выкананы цалкам па ўсіх формах атрымання адукацыі — усяго прынята 26,7 тыс. чалавек, што на 400 студэнтаў меней, чым у мінулым годзе. На платнай аснове будуць вучыцца 26,8 тыс. чалавек (у 2016 годзе — 28,4 тыс.).
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239