Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/16/915936_147852/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 10:45
16.08.2017 13:34 Грамадства

У дачыненні да 56-гадовага мінчаніна распачатая крымінальная справа аб жорсткім абыходжанні з жывёлай

Мінск, 16 жніўня. Аддзелам Следчага камітэта Першамайскага раёна Мінска распачатая крымінальная справа аб жорсткім абыходжанні з кацянём, якое пацягнула яго гібель.

Як паведамляе аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК, устаноўлена, што ля пад'езду жылога дома па вуліцы Русіянава мужчына на вачах у мінакоў не менш як пяць разоў ударыў маленькага кацяня галавой аб сцяну дома. Відавочцы паведамілі пра гэта ў праваахоўныя органы, адзін са сведак інцыдэнту зняў парушальніка на камеру тэлефона.

Асоба мужчыны, які забіў кацяня, устаноўленая — 56-гадовы жыхар Мінска, які ў момант здзяйснення злачынства знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Яго дзеянні кваліфікаваныя на падставе ч. 1 арт. 339/1 КК (жорсткае абыходжанне з жывёлай).

Падчас допыту мінчанін заявіў, што кацяня выклікала ў яго раздражненне, бо некаторы час жыло ў жанчыны, з якой ён распіваў спіртное непасрэдна перад інцыдэнтам на вуліцы.

Следчыя дапыталі сведак, правялі вочныя стаўкі, канфіскавалі відэазапіс з месца падзеі. Да матэрыялаў крымінальнай справы прыкладзенае заключэнне пра вынікі анатамавання цела жывёлы, якое праводзілася на Мінскай гарадской ветэрынарнай станцыі.

У дачыненні да падазраванага прызначаная комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.

"Следчы камітэт звяртае ўвагу, што за жорсткае абыходжанне з жывёлай у Рэспубліцы Беларусь прадугледжаная адказнасць у адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам. Адпаведныя нормы дзейнічаюць пасля зменаў у заканадаўстве, прынятых у 2015 годзе", — паведамляе СК.

Таксама адзначаецца, што арт. 339/1 КК (жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое пацягнула яго гібель або калецтва, здзейсненае з хуліганскіх, карыслівых ці іншых нізкіх меркаванняў альбо ў прысутнасці заведама малалетняга) прадугледжвае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, папраўчых работ на тэрмін да года або арышту. Тое ж дзеянне, учыненае паўторна ці групай асоб, караецца арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да года або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239