Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/16/915952_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 02:29
16.08.2017 15:38 Эканоміка, Палітыка

Пуцін прапануе ўзаемаабумовіць пастаўкі нафты ў Беларусь і транспарціроўку нафтапрадуктаў праз Расію

Мінск, 16 жніўня. Уладзімір Пуцін заявіў пра неабходнасць звязаць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ з транспарціроўкай выпрацаваных нафтапрадуктаў праз Расію. Пра гэта ён заявіў 16 жніўня ў пасёлку Піянерскі Калінінградскай вобласці на нарадзе па развіцці транспартнай інфраструктуры Паўночнага Захаду РФ.
"Гэта трэба абмяркоўваць у больш шырокім фармаце. Бо на беларускіх НПЗ перапрацоўваецца наша нафта, іншай там няма і наўрад ці з`явіцца, таму гэта трэба запакетаваць — атрыманне нашай нафты ад адпаведных пытанняў выкарыстання нашай інфраструктуры", — цытуе Пуціна ТАСС.

Кіраўнік ААТ "Расійскія чыгункі" ("Российские железные дороги"; РЖД) Алег Белазёраў праінфармаваў Пуціна аб сітуацыі з беларускімі НПЗ. Паводле яго слоў, яны адмаўляюцца ад паслуг расійскіх чыгунак на карысць прыбалтыйскай інфраструктуры. "Што да нафтаналіву, мы далі пяцідзесяціпрацэнтную зніжку для перавозкі з беларускіх заводаў, але беларускія заводы пакуль не выкарыстоўваюць ні Усць-Лугу, ні Санкт-Пецярбург, а едуць у рэспублікі Прыбалтыкі. Мы вядзем дыскусію, яны кажуць, што ў іх доўгатэрміновыя кантракты на гэтую тэму заключаныя, але мы стараемся выбудоўваць з імі дыялог", — сказаў Белазёраў.

На думку Пуціна, расійскія парты павінны забяспечыць канкурэнтаздольныя ўмовы, каб прыняць на сябе грузавыя патокі, якія цяпер ідуць праз замежныя гавані. "Гэта не нейкія палітычныя рашэнні, — падкрэсліў Пуцін. — Мы проста павінны загружаць свае ўласныя магутнасці, ствараць тут падатковую базу, мы павінны працоўныя месцы забяспечваць — менавіта ў Расіі, а не дзесьці ў іншым месцы".

"Але, зразумела, умовы тут павінны быць не горшыя, чым у сумежных дзяржавах", — дадаў ён. У прыватнасці, паводле слоў прэзідэнта РФ, гаворка ідзе пра тарыфы, у тым ліку чыгуначныя, якія тычацца дастаўкі грузаў у порт. "А калі больш выгадна цягнуць [грузы] за мяжу, ну што ім [уладальнікам] сказаць — яны будуць за мяжу цягнуць", — адзначыў Пуцін. Ён звярнуў увагу на тое, што пра гэта гаварылася "ўжо шмат разоў", але "далёка не ўсё яшчэ зроблена ў гэтым кірунку".

У канцы кастрычніка 2016 года РЖД увялі зніжку ў 25% на транспарціроўку беларускіх нафтапрадуктаў у паўночна-заходнія парты Расіі. Зніжка распаўсюджвалася на перавозкі бензіну, дызельнага паліва і мазуту ў цыстэрнах са станцыі Барбараў (каля Мазырскага НПЗ) і Наваполацк (каля НПЗ "Нафтан") Беларускай чыгункі ў напрамку партовых станцый Кастрычніцкай чыгункі паўночна-заходніх абласцей Расіі.

У пачатку сакавіка бягучага года расійскі бок павялічыў зніжку з 25% да 50%. Гэтае рашэнне дзейнічае да канца 2018 года. Зніжка закліканая стымуляваць перавод нафтавых грузаў з прыбалтыйскіх у расійскія парты.

Як адзначаў расійскі "КоммерсантЪ", скідка зробіць для Беларусі тарыф чыгунак РФ у гэтым кірунку супастаўным з тарыфамі на літоўскія парты Вентспілс і Клайпеда. Менавіта на прыбалтыйскія парты прыходзіцца львіная доля экспарту беларускіх нафтапрадуктаў.

У сваю чаргу ў дырэкцыі Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта БелаПАН заяўлялі, што яны вельмі зацікаўленыя ў перавалцы беларускіх грузаў. "Стывідорныя кампаніі, якія працуюць доўгі час у порце, назапасілі шырокі вопыт па даванні сваіх канкурэнтаздольных тарыфаў і аказанні такіх паслуг", — адзначаў дырэктар па эканоміцы і фінансах дырэкцыі Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта Марцінас Арманайціс. Ён таксама звяртаў увагу на тое, што расійскія парты па адлегласці далейшыя, чым балтыйскія, і гэта "мае ролю пры дастаўцы грузаў па часе і тым не менш па цане".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239