Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/16/915996_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.06.2020 05:55
16.08.2017 17:23 Эканоміка

Мінэканомікі: У прагноз 2018 года закладваецца рост ВУП на 3,4%

Мінск, 16 жніўня. Прырост ВУП у 2018 годзе прагназуецца на ўзроўні 3,4%. Пра гэта, як паведамляе прэс-служба Міністэрства эканомікі, заявіў міністр Уладзімір Зіноўскі 16 жніўня на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў.
Паводле яго слоў, гэты тэмп забяспечвае "кампенсацыю адмоўнай дынамікі мінулага года і выхад на ніжнюю мяжу траекторыі пяцігодкі за 2016—2018 гады".

Зіноўскі падкрэсліў, што ключавымі перадумовамі праекта прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год з'яўляюцца падтрыманне макраэканамічнай збалансаванасці і палітыкі рэальнага аздараўлення эканомікі, далейшае зніжэнне інфляцыі і ставак па новых крэдытах, своечасовыя разлікі па знешніх абавязацельствах і захаванне золатавалютных рэзерваў. "Асаблівасць прагнозу-2018 — гэта максімальнае задзейнічанне наяўных рэсурсаў шляхам аднаўлення ўнутранага попыту без нагрузкі на плацежны баланс", — сказаў кіраўнік ведамства.

На думку Зіноўскага, павялічыць унутранае спажыванне пры строгім захаванні гэтай умовы дазволіць рост экспарту. "Прагнозы развіцця знешніх рынкаў даюць нам магчымасць у 2018 годзе нарасціць валютную выручку на 2 млрд долараў з тэмпам росту 106%. Пры гэтым экспартныя цэны вырастуць на 1%, а фізічныя аб'ёмы — на 5%", — спрагназаваў ён.

Гаворачы пра інвестыцыі, Зіноўскі падкрэсліў, што ў прагноз міністэрства закладвае паступленне ў Беларусь прамых замежных інвестыцый у аб'ёме 1,45 млрд долараў, якія "ў першую чаргу патрэбныя для тэхналагічнага абнаўлення і трансферу сучасных тэхналогій у краіну". Пры гэтым міністр нагадаў пра неабходнасць "шчыльнай працы па прыцягненні кожным рэгіёнам 100 млн долараў прамых кітайскіх інвестыцый".

Зіноўскі падкрэсліў, што больш за дзве траціны агульнага аб'ёму інвестыцый па краіне будзе накіравана на рэалізацыю інвестпраектаў у рэальным сектары эканомікі. У якасці іншых напрамкаў выкарыстання інвестрэсурсаў чыноўнік назваў будаўніцтва жылля і інфраструктуры і рэалізацыю сацыяльных і інфраструктурных праектаў, у тым ліку ў рамках дзяржпраграм.

Згодна з праектам прагнозу на 2018 год, вызначальны ўнёсак у фарміраванне ВУП будуць рабіць прамысловасць, сельская гаспадарка і будаўніцтва. Ключавымі фактарамі прамысловага росту Зіноўскі назваў дазагрузку дзейных вытворчых магутнасцяў (прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці і дрэваапрацоўкі), зніжэнне матэрыялаёмістасці і запуск новых вытворчасцяў.

Паводле яго слоў, галоўны кірунак развіцця сельскай гаспадаркі у 2018 годзе — павышэнне прыбытковасці вытворчасці і рост рэнтабельнасці продажу. Вырашэнне гэтых задач ён бачыць у працягу фінансавага аздараўлення сельгаспрадпрыемстваў, зніжэнні затрат у арганізацыях, стварэнні інтэграцыйных фарміраванняў на базе прадпрыемстваў харчовай прамысловасці.

Зіноўскі звярнуў увагу на такія рэзервы, як будаўніцтва жылля, у тым ліку з дзяржпадтрымкай, і дарожнае будаўніцтва, у прыватнасці, правядзенне маштабных рамонтных работ аўтадарог мясцовага прызначэння.

Міністр эканомікі таксама падкрэсліў, што фарміраванне пятага-шостага тэхналагічных укладаў беларускай эканомікі немагчымае без распрацоўкі і прыняцця комплекснага прагнозу навукова-тэхналагічнага прагрэсу, што неабходна зрабіць ужо ў наступным годзе. Яшчэ адной задачай на будучы год ён назваў паляпшэнне ўмоў для развіцця ІТ-сферы.

Зіноўскі заявіў, што праект прагнозу на 2018 год прадугледжвае збалансаваны з прадукцыйнасцю працы рост заработнай платы.

Як раней паведамляў БелаПАН, урад разглядае два сцэнары развіцця эканомікі у 2018 годзе: мэтавы і кансерватыўны. Мэтавы сцэнар прадугледжвае выхад на асноўныя паказчыкі, запланаваныя па выніках пяцігодкі (праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады прадугледжвае прырост ВУП да 2020 годзе ў параўнанні з 2015-м на 12-15%), і закладваецца ў прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця. Кансерватыўны сцэнар распрацоўваецца для планавання бюджэту.

Як паведаміў 26 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі, кансерватыўны сцэнар прадугледжвае рост ВУП 101,1% да ўзроўню 2017 года. Ён фармулюецца зыходзячы з цэнаў на нафту на ўзроўні 40 долараў за бараль маркі Urals, курсу расійскага рубля на ўзроўні 70 рублёў за долар і прыросту расійскай эканомікі не вышэй за 1,5%. "Гэтыя параметры, па сутнасці, вельмі блізкія да ацэнак расійскага ўрада і бюджэтнага сцэнара Расійскай Федэрацыі", — сказаў першы віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, кансерватыўны сцэнар мае асаблівасці. "Памылкі залішняга аптымізму нам ужо, на жаль, вядомыя, таму ўзятыя больш стрыманыя ацэнкі — як развіцця эканомікі, так і знешніх рынкаў", — адзначыў ён.

У сваю чаргу першы намеснік міністра фінансаў Уладзімір Амарын 30 чэрвеня паведаміў БелаПАН, што праект бюджэту на 2018 год Мінфін рыхтуе з улікам базавага сцэнара, які прадугледжвае рост ВУП на 1,2%.

У бягучым годзе запланаваны рост ВУП на 1,7%. Па выніках студзеня—чэрвеня гэты паказчык склаў 1%.

Як лічаць аналітыкі Сусветнага банка, у 2017 годзе беларуская эканоміка скароціцца на 0,4%. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прагназуе рэцэсію на ўзроўні 0,5%. Абедзве лічбы былі названыя ў маі. На думку ж расійскага "Ашчадбанка" (агляд апублікаваны ў чэрвені), па выніках года ВУП Беларусі прырасце на 1,5%.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239