Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/17/916055_916056/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 06:21
17.08.2017 10:15 Грамадства

Былых асуджаных плануецца працаўладкоўваць на сельгаспрадпрыемствы

Мінск, 17 жніўня. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі займаецца распрацоўкай праекта па працаўладкаванні былых асуджаных на сельгаспрадпрыемствы з мэтай іх сацыяльнай рэабілітацыі. Пра гэта, як паведамляецца на сайце МУС, заявіў 16 жніўня журналістам міністр Ігар Шуневіч, наведваючы КСУП "Хутар-Агра".

Цяпер распрацоўваецца новы закон аб сацыяльнай рэабілітацыі былых асуджаных. У сувязі з гэтым, паводле слоў Шуневіча, узнікла ідэя аб стварэнні ў структуры крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС спецыялізаванага сельгаспрадпрыемства для працаўладкавання вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. "Такім чынам, былыя асуджаныя атрымаюць магчымасць паспяховай рэсацыялізацыі. Па-першае, працаўладкаванне будзе садзейнічаць зніжэнню рэцыдыву, па-другое, дапаможа людзям уліцца ў грамадства, атрымліваць зарплату, будаваць сям'і, гадаваць дзяцей, выплачваць іскі", — сказаў міністр.

У якасці эксперыментальнай базы абрана КСУП "Хутар-Агра". Паводле слоў Шуневіча, прававога рашэння на перадачу ў структуру крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС гэтага сельгаспрадпрыемства пакуль няма. Сумесна з кіраўніцтвам Гомельскага аблвыканкама і КСУП "Хутар-Агра" рыхтуюцца дакументы, якія будуць прадстаўлены ва ўрад.

"Ад поспеху працы тут будзе залежаць далейшае распаўсюджванне праекта. Калі ўсё атрымаецца, то гэты вопыт перамесцім на ўсе тэрытарыяльныя ўпраўленні ўнутраных спраў, акрамя Мінска", — заявіў Шуневіч.

Калі будзе прынята рашэнне перадаць сельгаспрадпрыемства з камунальнай ва ўласнасць МУС, перспектыўнымі кірункамі яго развіцця стануць асваенне новых відаў сельгаспрадукцыі, стварэнне ўласнага ўчастка па вытворчасці камбікармоў, пашырэнне асартыменту агародніннай і мясной прадукцыі, сказаў міністр. Плануецца, што ўся вырабленая прадукцыя будзе выкарыстоўвацца для патрэб крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС.

КСУП "Хутар-Агра" створана ў ліпені 2016 года шляхам рэарганізацыі Светлагорскага аграпрамысловага ўпраўлення ВА "Беларуснафта". Асноўным відам дзейнасці з'яўляецца вытворчасць малака, мяса буйной рагатай жывёлы, збожжа і кармоў. Колькасць работнікаў прадпрыемства складае больш за 200 чалавек.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239