Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/17/916058_916059/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:11
17.08.2017 10:35 Грамадства, Эканоміка

Былы кіраўнік ТАА "Футбольны клуб "Сквіч" і яго сын прыгавораныя да васьмі і чатырох гадоў пазбаўлення волі

Мінск, 17 жніўня. 16 жніўня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска абвешчаны прысуд у дачыненні да былога кіраўніка ТАА "Футбольны клуб "Сквіч" і яго сына.

Як паведамілі ў Мінскім гарадскім судзе, першы фігурант прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 210 КК, ч. 3 арт. 424 КК. Па сукупнасці злачынстваў, шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на восем гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на пяць гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Другі прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 КК. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на чатыры гады з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на пяць гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Прысуд законную моц не набыў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Мінскім гарадскім судзе ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Нагадаем, раней пракуратура Мінска паведамляла, што агульная шкода па справе кіраўніка ТАА "Футбольны клуб "Сквіч" і яго сына склала 2.738.686 рублёў 74 капейкі.

Усяго ў дачыненні да двух фігурантаў было распачата больш за 30 крымінальных спраў, якія былі злучаныя ў адной вытворчасці.

Кіраўніку было выстаўленае абвінавачанне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, паўторна, у асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 17 і ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, што пацягнула цяжкія наступствы), ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, якое пацягнула цяжкія наступствы) Крымінальнага кодэкса. Сын абвінавачваўся па ч. 2 арт. 17 і ч. 3 арт. 424 КК.

Паводле інфармацыі пракуратуры, кіраўнік ТАА "Футбольны клуб "Сквіч", а таксама яго сын (сузаснавальнік "Сквіча") абвінавачваліся ў тым, што, з`яўляючыся службовымі асобамі, дзейнічаючы па папярэдняй змове, з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў учынілі шэраг злачынстваў у ходзе выканання таварыствам функцый забудоўшчыка аб`ектаў "Будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў па генплане № 11, 12, 13 (якія не адносяцца да катэгорыі павышанай камфортнасці) у межах вул. Адоеўскага — вул. Бельскага — вул. Панамарэнкі — усходняя мяжа ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны 215 ЛР-1" і "Будаўніцтва шматпавярховага жылога дома з убудаванымі памяшканнямі грамадскага прызначэння і падземнай гараж-стаянкай № 10 (па генплане) у мікрараёне Каменная Горка — 2".

Як паведамляла раней следства, устаноўлена, што кіраўнік ТАА на працягу чатырох гадоў выкарыстоўваў грошы дольшчыкаў на гаспадарчыя патрэбы, не звязаныя з будаўніцтвам шматкватэрнага жылога дома, заказчыкам якога выступала таварыства.

Следчыя высветлілі, што нямэтавае расходаванне грашовых сродкаў дольшчыкаў службовай асобай істотна зацягнула тэрміны будаўніцтва аб`екта. Па рашэнні дзяржаўных органаў, у мэтах абароны правоў грамадзян — удзельнікаў долевага будаўніцтва да работ на аб`екце былі прыцягнутыя новыя падрадныя арганізацыі. Паводле дадзеных на канец студзеня 2016 года ТАА "Футбольны клуб "Сквіч" не пагасіла перад імі абавязак у 70 млрд недэнамінаваных рублёў.

Акрамя таго, па інфармацыі следства, нягледзячы на нездавальняючыя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыства, кіраўніку выплачваліся ўзнагароды, сума якіх склала больш за 1 млрд недэнамінаваных рублёў. Акрамя грошай, яму ў якасці ўзнагароды былі перададзеныя тры жылыя памяшканнi ў пабудаваным шматкватэрным доме.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239