Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/17/916064_916065/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:52
17.08.2017 11:08 Эканоміка, Фінансы

Кабякоў: Мы не можам траціць больш, чым зарабляем, і абавязаны жыць па сродках

Мінск, 17 жніўня. У праекце бюджэту Беларусі на 2018 год захоўваецца прынцыповае патрабаванне аб яго збалансаванасці. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 16 жніўня на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, падчас якога разгледжаны праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2018 год.

"Мы не можам траціць больш, чым зарабляем, і абавязаны жыць па сродках. Плануецца, што даходы рэспубліканскага бюджэту павялічацца у 2018 годзе на 6,2 працэнта", — цытуе Кабякова прэс-служба ўрада.

Ён паведаміў, што актыўная праца над праектамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год вядзецца ўжо чатыры месяцы. Паводле слоў прэм'ера, за аснову ўзятыя два сцэнары развіцця эканомікі, у залежнасці ад розных знешніх і ўнутраных умоў. Першы — мэтавы, на аснове якога распрацаваны праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Для разліку бюджэту за аснову ўзяты кансерватыўны сцэнар развіцця. "У прагнозных дакументах захоўваюцца прынцыпы ацэнкі працы кіраўнікоў усіх узроўняў на аснове ключавых паказчыкаў эфектыўнасці. Для ўрада і Нацбанка такімі паказчыкамі будуць з'яўляцца найважнейшыя параметры прагнозу. Усяго іх сем", — адзначыў прэм'ер.

Кабякоў звярнуў увагу, што пры мэтавым сцэнары прагназуецца рост ВУП на 3,4%, прадукцыйнасць працы — на 2,8%; інвестыцыі ў асноўны капітал перавысяць чаканыя ў гэтым годзе інвестыцыі на 6,8%; экспарт прырасце на 6% пры практычнай збалансаванасці знешняга гандлю; чакаецца прыцягненне 1,45 млрд долараў ЗША прамых замежных інвестыцый; інфляцыя за год (снежань да снежня) не павінна перавысіць 7%; рэальныя наяўныя даходы насельніцтва ў 2018 годзе вырастуць на 3,2%.

"Гэтыя параметры дазваляюць забяспечыць выхад на траекторыю росту эканомікі, прадугледжаную пяцігадовай праграмай. Прапаноўваецца захаваць вертыкальна інтэграваную сістэму ключавых паказчыкаў і для кіраўнікоў усіх узроўняў. Асноўны ўпор у гэтай сістэме — на якасныя (фінансавыя) паказчыкі, экспарт і стварэнне новых працоўных месцаў", — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Кіраўнік урада звярнуў увагу на неабходнасць адпаведнасці мэтавых параметраў эканамічнага развіцця на 2018 год параметрам развіцця, прадугледжаным праграмай пяцігодкі. А гэта ў першую чаргу забеспячэнне збалансаванасці плацежнага балансу і бюджэту і ўстойлівасць фінансавай сістэмы, якая стымулюе эканамічны рост. Кабякоў падкрэсліў, што на гэтыя мэты павінны быць арыентаваны ўсе інструменты эканамічнай палітыкі.

Таксама ён звярнуў увагу на неабходнасць выплат у поўным аб'ёме па валютных абавязацельствах з захаваннем золатавалютных рэзерваў краіны. Прэм'ер заявіў аб неабходнасці істотнага павышэння канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і паслуг на знешніх рынках і зніжэнні залежнасці эканомікі ад ваганняў на сыравінных рынках. "Рост экспарту на шэсць працэнтаў — гэта вельмі няпростая задача. Рост павінен быць забяспечаны ў асноўным за кошт нарошчвання фізічных аб'ёмаў тэхнікі, прадукцыі АПК, паслуг", — адзначыў ён.

Яшчэ адзін аспект, на якім акцэнтаваў увагу Кабякоў, — стварэнне новых працоўных месцаў і новых прадпрыемстваў пры актыўным уцягванні ў гэты працэс прыватнага капіталу, паведамляе прэс-служба. Таксама, паводле яго слоў, у цэнтры ўвагі застаецца развіццё рэгіёнаў, якія валодаюць высокім вытворчым патэнцыялам і адпаведнай інфраструктурай.

Кіраўнік урада завастрыў увагу на фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў і сектараў эканомікі, вырашэнні застарэлых праблем пазыковай нагрузкі па крэдытах і пазыках, а таксама на прыбытках насельніцтва, аплаце працы ў бюджэтным сектары, пенсійных выплатах, фарміраванні тарыфнай палітыкі і адпаведных мерах сацыяльнай абароны.

Кабякоў таксама адзначыў, што ў частцы падатковай палітыкі прапаноўваецца не мяняць склад і колькасць падатковых плацяжоў. Паводле яго слоў, падатковая нагрузка на эканоміку не павінна расці. "У пытаннях грашова-крэдытнай палітыкі ў гэтым годзе мы дасягнулі прыкметнага прагрэсу. Стаўкі па новых крэдытах для рэальнага сектара знізіліся сёлета на 7,6 працэнтнага пункта, стаўка рэфінансавання зніжана да 12 працэнтаў гадавых. Гэта прыкметнае зніжэнне. Важна захаваць дасягнутую ўстойлівасць на валютным і дэпазітным рынку краіны. Асноўныя намаганні кіраўнікоў дзяржорганаў, прадпрыемстваў і банкаў варта накіраваць на пошук рашэнняў па "развязванні "старых даўгоў", — рэзюмаваў прэм'ер.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239