Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/17/916097_916098/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:35
17.08.2017 13:00 Эканоміка, Палітыка

Беларусь і Афганістан ствараюць камітэт па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве

Мінск, 17 жніўня. Па выніках перамоваў прэм'ер-міністраў Беларусі і Афганістана Андрэя Кабякова і Абдулы Абдулы 16 жніўня ў Мінску падпісана міжурадавае пагадненне аб стварэнні сумеснага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве.

"Падпісанне пагаднення стала знакавай падзеяй. Сумесны камітэт па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве стане эфектыўным механізмам для развіцця гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязяў дзвюх краін", — цытуе Кабякова прэс-служба беларускага ўрада.

Таксама падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі юстыцыі Беларусі і Афганістана, заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Гандлёва-прамысловай палатай Афганістана. Кабякоў звярнуў увагу, што патэнцыял гандлёва-прамысловых палат і іншых структур, якія аб'ядноўваюць дзелавыя колы, будзе больш актыўна выкарыстоўвацца для нарошчвання ўзаемнага гандлю.

Паводле слоў Кабякова, Беларусь зацікаўлена ў пастаўках тэхнікі і прадуктаў харчавання ў Афганістан. "Беларусь зацікаўлена ў пастаўках на афганскі рынак дарожна-будаўнічай тэхнікі, трактароў, кар'ерных самазвалаў. Афганістану таксама неабходны якасныя прадукты харчавання, кваліфікаваныя спецыялісты для аднаўлення і развіцця розных сектараў нацыянальнай эканомікі", — адзначыў прэм'ер. Ён паведаміў, што Беларусь ужо прапанавала афганскім партнёрам шэраг праектаў для супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і фармацэўтыцы.

Акрамя таго, бакі выказаліся за актывізацыю гуманітарнага супрацоўніцтва, асабліва ў сферы адукацыі і навукі. "Упэўнены, што ў сучасных умовах геаграфічная аддаленасць дзвюх краін ні ў якай меры не стане перашкодай для ўстанаўлення прадуктыўных кантактаў паміж навукоўцамі і выкладчыкамі Беларусі і Афганістана", — дадаў Кабякоў.

Паводле яго слоў, Беларусь гатовая ўдзельнічаць у рэалізацыі буйных праектаў у прамысловасці і энергетыцы Афганістана. "Прапаноўваем канкрэтызаваць магчымыя формы і механізмы падключэння Беларусі да рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў у прамысловасці, горназдабыўной і энергетычнай сферах на тэрыторыі Афганістана. У першую чаргу гэта арганізацыя паставак будаўнічых матэрыялаў, адпаведнай тэхнікі і абсталявання, уключаючы забеспячэнне іх комплекснага сэрвіснага абслугоўвання", — заявіў прэм'ер.

Кабякоў таксама адзначыў, што Беларусь прапаноўвае Афганістану падпісаць дарожную карту супрацоўніцтва. Такі праграмны дакумент не толькі будзе важным для ўрадаў, але і стане канцэптуальным арыенцірам для дзелавых колаў дзвюх краін, дадаў прэм'ер-міністр.

Кабякоў канстатаваў, што за апошнія гады ўдалося ўмацаваць беларуска-афганскія сувязі ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, наладзіць планамерную працу па пашырэнні дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін. "Нядрэнную дынаміку дэманструе тавараабарот, які ў першым паўгоддзі 2017 года вырас на 34,3% да 12,5 млн долараў", — сказаў ён.

У сваю чаргу Абдула Абдула па выніках перамоваў заявіў: "Мы лічым, што ў святле падпісанага пагаднення аб стварэнні сумеснага камітэта Беларусі і Афганістана па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве ўзаемаадносіны нашых краін могуць быць пашыраныя ў розных галінах — у сферы здабычы карысных выкапняў, дарожным будаўніцтве, арганізацыі паставак сельскагаспадарчай прадукцыі, таксама будзе развівацца абмен вопытам і тэхналогіямі".

Як паведамляў БелаПАН, у 2016 годзе ўзаемны тавараабарот Беларусі і Афганістана склаў 26,4 млн долараў, сальда станоўчае — 4,6 млн. Найбольшы аб'ём тавараабароту ў апошнія гады паміж дзвюма краінамі зафіксаваны ў 2012 годзе. Тады ён склаўся на ўзроўні 157,8 млн долараў, пры гэтым Беларусь экспартавала прадукцыі на 156,3 млн долараў. З 2013 года аб'ём паставак знізіўся ў разы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239