Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/17/eu_eu_916150_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.07.2020 23:21
17.08.2017 15:29 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Прэм`ер-міністр Літвы: Для Мінска экспартаваць нафтапрадукты праз Расію стратна і небяспечна

Мінск, 17 жніўня. Калі Расія прымусіць Беларусь экспартаваць нафтапрадукты праз яе чыгункі і парты, гэта можа быць эканамічна нявыгадна і небяспечна для Мінска, заявіў 17 жніўня прэм`ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс у інтэрв`ю радыёстанцыі Ziniu radijas.
"Накіраванне грузаў па чыгунках Расіі праз парты Расіі для Беларусі можа быць і нявыгадна эканамічна, і небяспечна стратэгічна, калі мець на ўвазе, што гэтыя [расійскія] парты замярзаюць і кліматычныя ўмовы там зусім іншыя. Гэта асабліва адчувальна, калі гаворка ідзе пра перавозку нафтапрадуктаў", — цытуе кіраўніка літоўскага ўрада навіновы партал delfi.lt.

Пры гэтым Сквярняліс дадаў: ён разумее, што "ва ўсходніх дзяржавах палітычныя рашэнні нярэдка прымаюцца без уліку эканамічных інтарэсаў, таму літоўскія палітыкі таксама павінны праяўляць актыўнасць, каб беларускія грузы па-ранейшаму ішлі па літоўскіх чыгунках у Клайпедскі порт".

Напярэдадні Уладзімір Пуцін заявіў пра неабходнасць звязаць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ з транспарціроўкай выпрацаваных нафтапрадуктаў праз Расію. "Гэта трэба абмяркоўваць у больш шырокім фармаце. Бо на беларускіх НПЗ перапрацоўваецца наша нафта, іншай там няма і наўрад ці з`явіцца, таму гэта трэба запакетаваць — атрыманне нашай нафты ад адпаведных пытанняў выкарыстання нашай інфраструктуры", — заявіў Пуцін 16 жніўня на нарадзе па развіцці транспартнай інфраструктуры Паўночнага Захаду РФ у Калінінградскай вобласці. 


Рэагуючы на паведамленне кіраўніка ААТ "Расійскія чыгункі" Алега Белазёрава аб тым, што беларускія НПЗ адмаўляюцца ад іх паслуг на карысць прыбалтыйскай інфраструктуры, Пуцін заявіў: расійскія парты павінны забяспечыць канкурэнтаздольныя ўмовы, каб прыняць на сябе грузавыя патокі, якія цяпер ідуць праз замежныя гавані. "Гэта не нейкія палітычныя рашэнні. Мы проста павінны загружаць свае ўласныя магутнасці, ствараць тут падатковую базу, мы павінны працоўныя месцы забяспечваць — менавіта ў Расіі, а не дзесьці ў іншым месцы", — дадаў прэзідэнт РФ.

У канцы кастрычніка 2016 года "Расійскія чыгункі" ўвялі зніжку ў 25% на транспарціроўку беларускіх нафтапрадуктаў у паўночна-заходнія парты Расіі. Зніжка распаўсюджвалася на перавозкі бензіну, дызельнага паліва і мазуту ў цыстэрнах са станцый Барбараў (каля Мазырскага НПЗ) і Наваполацк (каля НПЗ "Нафтан") Беларускай чыгункі ў напрамку партовых станцый Кастрычніцкай чыгункі паўночна-заходніх абласцей Расіі. У пачатку сакавіка бягучага года расійскі бок павялічыў зніжку з 25% да 50%. Гэтае рашэнне дзейнічае да канца 2018 года. Зніжка закліканая стымуляваць перавод нафтавых грузаў з прыбалтыйскіх у расійскія парты.

Як адзначаў расійскі "КоммерсантЪ", скідка зробіць для Беларусі тарыф чыгунак РФ у гэтым кірунку супастаўным з тарыфамі на літоўскія парты Вентспілс і Клайпеда. Менавіта на прыбалтыйскія парты прыходзіцца львіная доля экспарту беларускіх нафтапрадуктаў.

У сваю чаргу ў дырэкцыі Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта БелаПАН заяўлялі, што яны вельмі зацікаўленыя ў перавалцы беларускіх грузаў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239