Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/18/916254_916255/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 14:52
18.08.2017 13:44 Грамадства

Мінбудархітэктуры: Канцэпцыі забудовы Мінска павінны быць дэталёва прапрацаваныя для стварэння камфортных умоў асяроддзя пражывання жыхароў

Мінск, 18 жніўня. Архітэктурна-планіровачныя канцэпцыі забудовы Мінска павінны быць дэталёва прапрацаваныя для стварэння камфортных умоў асяроддзя пражывання жыхароў, гаворыцца ў адказе прадстаўнікам 20 ініцыятыўных груп жыхароў Мінска на адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі з нагоды ўшчыльнення забудовы сталіцы.

Як паведаміў БелаПАН Віктар Янчурэвіч, каардынатар грамадскай ініцыятывы "Экаград", памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, прадстаўнікі ініцыятыўных груп атрымалі адказ на свой зварот да прэзідэнта 15 жніўня. Адказ прыйшоў з Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, ён падпісаны намеснікам міністра Дзмітрыем Семянкевічам.

"Мінбудархітэктуры падтрымлівае пазіцыю грамадзян у тым, што прапанаваныя найноўшыя архітэктурна-планіровачныя канцэпцыі забудовы гарадскіх тэрыторый павінны быць дэталёва прапрацаваныя ў частцы стварэння камфортных умоў асяроддзя пражывання жыхароў шляхам пераўтварэння і частковай рэканструкцыі існуючага жылога фонду з давядзеннем яго асноўных параметраў да сучасных стандартаў, пра што неаднаразова інфармавала Мінскі гарвыканкам", — адзначаецца ў адказе.

Як паведаміў Янчурэвіч, наконт такіх балючых для грамадзян пытанняў, як знос сядзібнай і малапавярховай забудовы, Мінбудархітэктуры адзначыла, што "знешняе аблічча старой сядзібнай забудовы, а таксама існуючых 70-гадовых двухпавярховых жылых дамоў з добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый у некаторых раёнах Мінска значна адстае ад перадавых архітэктурных рашэнняў, ад жылых кварталаў, якія дынамічна развіваюцца, і не адпавядае сучаснаму гарадскому іміджу".

Мінбудархітэктуры таксама паведамляе, што "праектныя рашэнні генеральнага плана Мінска і горадабудаўнічых праектаў дэталёвага планавання прадстаўляюцца для абмеркавання" і "ўсе заўвагі і прапановы, якія паступаюць ад удзельнікаў у ходзе грамадскіх абмеркаванняў, разглядаюцца", а "найбольш рацыянальныя і прымальныя, якiя не супярэчаць патрабаванням дзейнага заканадаўства, улічваюцца пры далейшай карэкціроўцы горадабудаўнічай дакументацыі".

Аднак, падкрэслілі ў ведамстве, заказчыкам генеральнага плана Мінска з'яўляецца Мінгарвыканкам, а распрацоўшчыкам — УП "Мінскграда". У гэтай сувязі Мінбудархітэктуры прапаноўвае "па ўсіх пытаннях, што тычацца забудовы гарадскіх тэрыторый, выдзялення зямельных участкаў пад будаўніцтва аб'ектаў рознага функцыянальнага прызначэння, звяртацца па кампетэнцыі ў Мінскі гарвыканкам".

Янчурэвіч упэўнены, што "зварот ініцыятыўных груп аб праблемах у горадабудаўніцтве пачулі ў Адміністрацыі прэзідэнта". "Сведчаннем таму з'яўляецца даручэнне разгледзець зварот Мінбудархітэктуры, а не Мінгарвыканкаму, як гэта адбываецца звычайна", — адзначыў каардынатар.

Паводле яго слоў, "абнадзейвае і той факт, што Мінбудархітэктуры бачыць праблемы і ўказвае на іх Мінгарвыканкаму". "Усё гэта сведчыць аб тым, што грамадскасць на правільным шляху: голас аб'яднаных ініцыятыўных груп гучыць значна гучней, чым кожнай паасобку. Толькі разам мы зможам дамагчыся, каб ўлічвалі нашы правы і інтарэсы пры развіцці Мінска", — заявіў Янчурэвіч.

Як паведамлялася, у сувязі з масавым прасоўваннем уладамі праектаў ушчыльнення сталічнай забудовы і негатыўным успрыманнем гэтага працэсу гараджанамі 20 ініцыятыўных груп звярнуліся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, урада, парламента і ў КДБ. Аўтары падкрэсліваюць, што праекты развіцця гарадскіх тэрыторый распрацоўваюцца без удзелу грамадзян, уліку грамадскай думкі, патрэбаў мясцовых жыхароў. "Такі падыход да планавання ў горадабудаўніцтве мае вынікам негатыўныя ацэнкі распрацаваных праектаў гараджанамі на грамадскіх абмеркаваннях, абвастрэнне сацыяльнай напружанасці, неабдуманыя траты бюджэтных сродкаў, спараджае злосць і рост недаверу да ўлады сярод насельніцтва", — лічаць актывісты.

Паводле іх сцвярджэння, у горадзе пастаянна ўзнікаюць сацыяльныя канфлікты ў сувязі з пераўшчыльненнем забудовы, зносам прыватнага сектара, скарачэннем зялёных насаджэнняў, агульным пагаршэннем якасці асяроддзя пражывання — "усё гэта наступствы горадабудаўнічай палітыкі Мінгарвыканкама".

На думку ініцыятыўных груп, недапрацоўкі мясцовай улады "адбіваюцца непасрэдна на іміджы і аўтарытэце вярхоўнай улады".

"Сёння ў сталіцы Рэспублікі Беларусь ужо сканцэнтравана больш за 20% насельніцтва дзяржавы. Шчыльнасць насельніцтва ў Мінску вышэйшая, чым у Маскве, Варшаве, Вільнюсе, Берліне і іншых сталіцах суседніх дзяржаў. Стрымліванне тэрытарыяльнага росту Мінска ў сувязі з планаваным развіццём гарадоў-спадарожнікаў прадугледжвала скарачэнне аб'ёмаў будаўніцтва і адыход ад палітыкі ўшчыльнення існуючых жылых кварталаў, аднак абярнулася для горада глабальнай рэканструкцыяй з масавым зносам жылых дамоў, ушчамленнем правоў і інтарэсаў грамадзян", — гаворыцца ў звароце ініцыятыўных груп.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239