Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/18/916272_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:04
18.08.2017 14:09 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка праверыў якасць новага беларускага камбайна на полі, дзе ён працаваў у юнацтве

Мінск, 18 жніўня. Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня падчас наведвання гаспадарак у Шклоўскім і Аршанскім раёнах азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі ў краіне, сучаснымі ўзорамі сельскагаспадарчай тэхнікі і асабіста на камбайне праінспектаваў ход жніва.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка прыбыў на пшанічнае поле ААТ "Александрыйскае" на квадрацыкле і адзначыў, што гэтыя месцы абраныя для наведвання не выпадкова. "Я сёння прыехаў на працу. Гэта поле прэзідэнта. Калісьці хтосьці з лёгкай рукі гэта сказаў. Гэта сапраўды маё поле, дзе я працаваў", — растлумачыў ён.

Лукашэнка заслухаў даклады аб ходзе ўборачнай кампаніі ў краіне і асобных рэгіёнах, падрабязна абмеркаваў са спецыялістамі нюансы выкарыстання розных гатункаў збожжавых айчыннай і замежнай селекцыі, паведамляе прэс-служба.

Таксама гаворка ішла аб забеспячэнні аграрыяў якаснай айчыннай збожжаўборачнай тэхнікай. "За два дзесяцігоддзі на прадпрыемстве "Гомсельмаш" створаная і асвоеная вытворчасць сямі базавых мадэляў збожжаўборачных камбайнаў і 38 мадыфікацый розных класаў", — нагадала прэс-служба.

На поле быў прадстаўлены сучасны камбайн КЗС-1624-1 мадэльнага шэрагу камбайнаў "Палессе". Кіраўніку дзяржавы далажылі аб тэхнічных асаблівасцях мадэлі і вопыце яе эксплуатацыі ў палявых умовах. Лукашэнка даручыў канструктарам ужо да наступнай уборачнай абнавіць мадэль, ліквідаваўшы ўсе выяўленыя на практыцы недахопы, а таксама заняцца распрацоўкай і стварэннем яшчэ больш дасканалага камбайна, запатрабаванага ў будучыні.

Затым ён прапанаваў выпрабаваць камбайн на хаду. "Месца камбайнёра заняў адзін з працаўнікоў сельгаспрадпрыемства. Побач з ім размясціўся малодшы сын прэзідэнта Мікалай. Аляксандр Лукашэнка заняў месца на пляцоўцы каля кабіны і азнаёміўся з працай тэхнікі на хаду", — удакладнілі ў прэс-службе.

"Я хачу праверыць, які гэты камбайн у эксплуатацыі. Праверым, як ён будзе на фоне іншых працаваць, каб людзі бачылі", — сказаў афіцыйны лідар.

Ён таксама падкрэсліў важную ролю тых, хто непасрэдна эксплуатуе тэхніку, бо "калі падыходзіць да гэтага з веданнем справы, то і вынікі будуць вышэйшымі, а тэхніка захаваецца лепш". "Трэба даказаць, што на гэтым камбайне можна выдаваць вынікі не горшыя, чым на імпартным. Шмат што залежыць ад механізатара. Галоўнае — чалавек", — заявіў афіцыйны лідар.

Ураджайнасць пшаніцы на гэтым полі сёлета склала 91 цэнтнер з гектара, падкрэслілі ў прэс-службе. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у часы яго маладосці на гэтым жа полі збіралі ўраджай не больш за 13-17 цэнтнераў. На яго думку, "гэта з'яўляецца пацвярджэннем тэзіса аб тым, што пры выкарыстанні якаснага насення, захаванні культуры земляробства і ўсіх тэхналагічных працэсаў практычна на любой глебе можна атрымліваць высокія ўраджаі".

Як паведамлялася, раней Лукашэнка даручаў завяршыць уборку збожжавых у краіне да 20 жніўня.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239