Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/18/916358_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 10:19
18.08.2017 17:49 Эканоміка

Лукашэнка патрабуе не збаўляць тэмпаў уборачнай кампаніі

Мінск, 18 жніўня. Аляксандр Лукашэнка патрабуе не змяншаць тэмпаў уборачнай кампаніі. Такое даручэнне ён даў 18 жніўня, наведваючы гаспадаркі Шклоўскага і Аршанскага раёнаў.

"Сёння 18-ты дзень. Да 20-га я сказаў, што ў асноўным мы павінны ў краіне ўбраць збожжа. Гэта з маёй практыкі — 85-87%. Але спыняцца ні ў якім разе нельга. Таму штурмам прайсціся да 100%, пакуль не сажнем увесь хлеб", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Ён таксама акцэнтаваў увагу на сітуацыі ў паўночных раёнах Беларусі — у Віцебскай вобласці, а таксама часткова Магілёўскай і Мінскай абласцях. Там месцамі пакуль убрана толькі палова ўраджаю збожжавых. "Мне патрэбныя цяпер тэмпы, тэмпы і тэмпы. Ніякіх апраўданняў быць не можа. Увесь час не можа быць такое надвор'е (спрыяльная для ўборкі), — сказаў беларускі афіцыйны лідар. — Таму нам трэба 90-92% на панядзелак убраць. Вызначыцеся, як будзем убіраць у паўночных раёнах".

Яшчэ адной асаблівасцю цяперашняга перыяду кіраўнік дзяржавы назваў неабходнасць хуткага пераходу да пасяўных работ, каб закласці аснову добрага ўраджаю на наступны год.

І чацвёртая асаблівасць — трэці ўкос траў. "У нас добрыя травы, і іх трэба ўбраць. Цяпер трэба акцэнт зрабіць на пасяўной і ўборцы траў", — падкрэсліў Лукашэнка.

Намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы далажыў аб сітуацыі на палях па зборы розных культур. Збожжавыя і зернебабовыя ўбраныя на 80,2% плошчаў па краіне пры сярэдняй ураджайнасці 36 ц/га. Намалочана каля 6,3 млн т. "Сёння пад вечар ужо набярэм валавы збор мінулага года", — сказаў віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, сёлета ў Беларусі атрыманы добры ўраджай і па іншых культурах. У многіх выпадках паказчыкі перавышаюць леташнія.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239