Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/18/916398_998854/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 11:10
18.08.2017 23:01 Эканоміка, Грамадства

Генпракуратура запатрабавала ад выканаўчай улады выканання заканадаўства аб арганізацыі бяспечнай эксплуатацыі магістральных трубаправодаў

Мінск, 18 жніўня. Генеральная пракуратура накіравала ў Савет міністраў Беларусі, абласныя выканаўчыя камітэты інфармацыю аб захаванні органамі дзяржаўнага кіравання заканадаўства аб арганізацыі бяспечнай эксплуатацыі магістральных трубаправодаў.

Як паведамляе Генпракуратура, праведзены аналіз выканання заканадаўства, якое рэгулюе бяспечную эксплуатацыю трубаправоднага транспарту, сведчыць, што найбольш распаўсюджаным парушэннем з'яўляецца невыкананне рэжыму землекарыстання ў ахоўных зонах і зонах мінімальных адлегласцяў да магістральных трубаправодаў.

Заканадаўствам вызначана, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы адказныя за належнае выкарыстанне зямель у ахоўных зонах трубаправодаў і ліквідацыю дапушчаных там парушэнняў заканадаўства.

Раней Генеральнай пракуратурай правяралася дзейнасць ААТ "Газпром трансгаз Беларусь" на прадмет арганізацыі бяспечнага функцыянавання трубаправодаў на тэрыторыі Мінскай вобласці. У сувязі з выяўленымі парушэннямі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта было ўнесенае прадстаўленне, паводле вынікаў разгляду якога зацверджаны план мерапрыемстваў па арганізацыі бяспечных умоў эксплуатацыі магістральных трубаправодаў. Між тым вынікі апошняй праверкі паказалі, што не ва ўсіх раёнах вобласці мерапрыемствы плана выкананыя ў поўным аб'ёме.

Падчас праведзеных сёлета праверак пракурорамі ва ўсіх абласцях краіны выяўленыя факты парушэння рэжыму землекарыстання ў ахоўных зонах магістральных трубаправодаў, якія не ўстараняюцца мясцовымі выканаўчымі органамі на працягу многіх гадоў. Большасць такіх парушэнняў дапушчаныя ў Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

У прыватнасці ў Мінскім раёне выяўленыя парушэнні ў адным з садаводчых таварыстваў, дзе 21 садовы домік і іншыя будынкі знаходзяцца ў ахоўнай зоне. Паводле рашэння Мінскага раённага выканаўчага камітэта грамадзянам загадана іх знесці. Аднак на працягу 15 гадоў гэтае рашэнне не выконваецца.

На тэрыторыі Гомельскага і Мазырскага раёнаў у ахоўнай зоне нафтаправода і зоне пралягання кабеляў тэхналагічнай сувязі на восі трубаправода размешчаныя садовыя ўчасткі з будынкамі.

Аб гэтых парушэннях мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы неаднаразова інфармаваліся прадпрыемствамі, якія эксплуатуюць трубаправоды, аднак меры па ліквідацыі парушэнняў не прымаліся.

Акрамя названых парушэнняў выяўленыя і недахопы ў дзейнасці інспектараў дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці МНС (Дзяржпрамнагляд). За апошнія тры гады выпадкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці на падставе пратаколаў, складзеных інспектарамі Дзяржпрамнагляда, адзінкавыя. У той жа час у Віцебскай, Гродзенскай абласцях і Мінску выяўленыя факты складання пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні неўпаўнаважанымі службовымі асобамі газазабеспячальных арганізацый.

"Гэта сведчыць пра неабходнасць актывізаваць дзейнасць Дзяржпрамнагляда па прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў аховы магістральных трубаправодаў", — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239