Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/19/916416_205896/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 21:37
19.08.2017 14:50 Эканоміка

Лукашэнка параўнаў даходнасць ад льнаводства з рэнтабельнасцю нафты і даручыў кіраваць ў ільняной галіне "сталінскімі метадамі"

Мінск, 19 жніўня. Аляксандр Лукашэнка бачыць рэзервы для павышэння эфектыўнасці льнаводчай галіны. Даручэнне па ліквідацыі наяўных недахопаў у гэтай сферы ён даў 19 жніўня, наведваючы рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства "Вусце" Нацыянальнай акадэміі навук у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Лукашэнка прыехаў на поле з лёнам, каб асабіста дазнацца пра ўсе тэхналагічныя працэсы і разабрацца з тым, чаго не хапае, каб вырошчванне лёну было дастаткова эфектыўным і прыносіла добры прыбытак дзяржаве. "Па лёне мы дамовіліся. Я яшчэ раз пагляджу, што было даручана раней, пачынаючы ад вырошчвання і заканчваючы ільнокамбінатам. А то яны будуць хадзіць, усё грошы прасіць. Сёння, калі правільна апрацоўваць, згодна з тэхналогіямі, лён — ён рэнтабельны", — падкрэсліў беларускі афіцыйны лідар.

Дырэктар Інстытута лёну НАН Беларусі Іван Голуб праінфармаваў кіраўніка дзяржавы, што рэнтабельнасць вытворчасці лёну даходзіць да 70%. "У найлепшыя часы нафта такую рэнтабельнасць давала. І яны ходзяць яшчэ, просяць, — адзначыў Лукашэнка. — Калі мы навучым гаспадаркі сеяць і вось такім чынам апрацоўваць лён, яны самі будуць у гэтым зацікаўленыя".

Ён таксама даручыў дакладна вызначыцца з гаспадаркамі, якія сеюць лён, — выбудаваць сістэму, хто і дзе будзе апрацоўваць гэтую культуру, гэта будуць самі ільнозаводы ці асобныя гаспадаркі. "Калі ёсць паразуменне, значыць, ёсць. Калі няма, трэба ўсталяваць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Навукоўцы-спецыялісты павінны максімальна шчыльна ўзаемадзейнічаць з аграрыямі на месцах і не толькі дапамагаць парадай, дзяліцца тэхналогіямі, але і запытваць за вынік, патрабаваць дакладнага захавання ўсіх тэхналагічных этапаў. У сувязі з гэтым Лукашэнка падзяліўся ўспамінамі, калі, будучы кіраўніком гаспадаркі, прыязджаў пераймаць перадавы вопыт. "Вы нас вучылі. Я ўбіраў гэта, а 90% кукіш у кішэні трымалі, — сказаў ён. — Чаму я вам (НАН Беларусі) перадаваў гаспадарку, каб вучоны паказаў у поле вынік, а не на дзяляначцы".

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акцэнтаваў увагу на неабходнасці выпрацаваць дакладную сістэму падрыхтоўкі кадраў у льнаводчай галіне і кантролю за якасцю работ на ўсіх этапах. "Ты павінен кіраваць сталінскімі метадамі. Сказаў — зрабілі", — адзначыў Лукашэнка, звяртаючыся да Голуба.

Ён пацікавіўся ў вучонага, якія праблемы мяшаюць павышэнню эфектыўнасці льнаводства. Паводле слоў кіраўніка інстытута, гэта ў асноўным невыкананне тэхналогій у шэрагу гаспадарак, у тым ліку звязаных з хімпраполкай і засцярогай ад хвароб. Месцамі таксама адчуваецца недахоп тэхнікі і кваліфікаваных механізатараў.

Закранаючы пытанне тэхнікі, Лукашэнка пацікавіўся, колькі яшчэ неабходна спецыялізаваных камбайнаў для ўборкі лёну. Як высветлілася, гэта прыблізна 40 машын агульным коштам прыкладна 8 млн долараў. "Значыць, трэба знайсці 10 млн долараў, купіць камбайны і скончыць размовы пра церабленне лёну. Стварай камісію, праводзьце тэндар. Чым большы аб'ём, тым танней", — сказаў кіраўнік дзяржавы на адрас намесніка прэм'ер-міністра Міхаіла Русага.

Лукашэнка нагадаў, што калі б у свой час на вышэйшым узроўні не былі дадзеныя даручэнні па захаванні і развіцці ў Беларусі льнаводства, то сёння гэтай галіны магло б наогул не быць. "Калі б я тады не загарнуў галаву таму-сяму, сёння б лёну не было ў краіне. Што я, не памятаю, калі гадамі не разлічваліся ільнозаводы з сялянамі, а льнокамбінат наогул нічога не прадаваў? Я ведаю, чаго мне каштаваў гэты лён", — заявіў ён.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239