Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/19/916423_112256/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 11:57
19.08.2017 16:25 Грамадства

Следчы камітэт паведаміў падрабязнасці ДТЗ на трасе Мінск — Магілёў, дзе на пешаходным пераходзе загінула васьмігадовая дзяўчынка

Мінск, 19 жніўня. У Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці вечарам 18 жніўня ў ДТЗ загінула васьмігадовая дзяўчынка. Распачатая крымінальная справа.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог, у пятніцу прыблізна ў 20.40 на аўтадарозе М4 Мінск — Магілёў аўтамабілем Toyota RAV4 быў учынены наезд на малалетняга пешахода. Ад атрыманых пашкоджанняў дзяўчынка 2009 года нараджэння загінула на месцы здарэння.

Следча-аператыўная група, якая прыбыла на месца, правяла першапачатковыя следчыя дзеянні. Паводле іх вынікаў УСК па Мінскай вобласці распачатая крымінальная справа.

Устаноўлена, што васьмігадовая дзяўчынка са старэйшай сястрой перасякалі праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Транспартны сродак ажыццяўляў рух у бок Магілёва ў крайняй левай паласе. Ім кіраваў жыхар абласнога цэнтра 1987 года нараджэння. Ён быў цвярозы.

Аналіз папярэдніх звестак паказаў, што кіроўцам не былі прынятыя меры па арганізацыі бяспекі пешаходаў, зніжэнні хуткасці аж да поўнага прыпынення транспартнага сродку, якія выключаюць верагоднасць наезду. Дзеянні кіроўцы кваліфікаваныя на падставе ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека). Ён затрыманы, з ім працуюць следчыя.

Следчыя заклікаюць вадзіцеляў павысіць увагу да навакольнага дарожнага становішча і яго зменаў, а таксама няўхільна выконваць правілы дарожнага руху пры праездзе пешаходных пераходаў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239