Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/21/916583_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 11:13
21.08.2017 18:11 Палітыка

МЗС: Разлічваем, што ЗША знойдуць магчымасць пашырыць працу консульскага аддзела свайго пасольства ў Мінску

Мінск, 21 жніўня. У беларускім Міністэрстве замежных спраў са шкадаваннем ўспрынялі паведамленне аб тым, што пасольства ЗША ў Расіі спыніла прыём дакументаў на афармленне віз для грамадзян Беларусі.

"Спадзяемся, што, прыняўшы сённяшняе рашэнне, амерыканскі бок знойдзе магчымасць пашырыць працу консульскага аддзела свайго пасольства ў Мінску. Упэўненыя, што даванне грамадзянам Беларусі магчымасці афармляць візы ў ЗША без выезду ў сумежныя краіны спрыяла б пашырэнню міжасабовых кантактаў, а таксама развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі", — адзначыў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

"Вельмі сумна, што адносіны паміж Расійскай Федэрацыяй і Злучанымі Штатамі працягваюць ускладняцца, і гэта ўжо негатыўна адбіваецца непасрэдна на простых беларусах. Кіруючыся, у першую чаргу, інтарэсамі Беларусі і яе грамадзян, выказваем надзею на хуткую нармалізацыю расійска-амерыканскіх адносін, якая, мы ўпэўненыя, пазітыўна адбілася б на сітуацыі ў свеце ў цэлым", — дадаў прадстаўнік беларускага МЗС.

Як паведамляў БелаПАН, пасольства ЗША ў Маскве і амерыканскае консульства ў Санкт-Пецярбургу спыняюць выдачу неіміграцыйных віз грамадзянам Беларусі. Змены ў працы пасольства і консульстваў у Расіі ўводзяцца з-за прынятых расійскімі ўладамі мер па абмежаванні колькасці супрацоўнікаў дыпламатычнай місіі на тэрыторыі РФ.

Так, з 23 жніўня консульства ЗША ў Санкт-Пецярбургу, Екацярынбургу і Уладзівастоку спыняць выдачу неіміграцыйных віз на нявызначаны тэрмін. Пасля гэтую працэдуру адновяць, але ў значна скарочаным аб'ёме. З 1 верасня сумоўе для атрымання амерыканскіх неіміграцыйных віз будзе праводзіцца толькі ў Маскве.

Пры гэтым цалкам спынены прыём заяў на атрыманне амерыканскіх неіміграцыйных віз ад грамадзян Беларусі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Беларусам рэкамендуюць звяртацца ў пасольствы ЗША ў Варшаве, Кіеве ці Вільнюсе.

Пасольства ЗША ў Маскве адмовілася паведамляць БелаПАН, колькі беларусаў да іх звяртаюцца і якія тыпы віз запытваюць. Удакладніць гэтую інфармацыю ў амерыканскім пасольстве ў Мінску таксама пакуль не ўдалося.

Нагадаем, у сакавіку 2008 года колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску была скарочаная па патрабаванні беларускага боку з 35 да пяці чалавек. Гэта адбылося пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненні да дзяржканцэрна "Белнафтахім" у сувязі з парушэннямі правоў чалавека.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239