Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/21/916616_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 11:16
21.08.2017 21:14 Палітыка, Грамадства

У падрыхтоўчых вучэннях да "Захаду-2017" у трох абласцях Беларусі задзейнічана больш як 2,5 тыс. ваеннаслужачых дзвюх краін і каля 500 адзінак тэхнікі

Мінск, 21 жніўня. На палігоне Барысаўскі, участках мясцовасці Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей, а таксама ў пунктах пастаяннай дыслакацыі воінскіх часцей тылавога і тэхнічнага забеспячэння з 21 па 25 жніўня праводзяцца сумесныя спецыяльныя вучэнні з сіламі і сродкамі тылавога, тэхнічнага (матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі.

Як паведамляе Мінабароны Беларусі, у вучэннях задзейнічана больш як 2.500 ваеннаслужачых дзвюх краін і каля 500 адзінак спецыяльнай і аўтамабільнай тэхнікі.

Мерапрыемства ўключае ў сябе два этапы і праходзіць пад кіраўніцтвам намесніка міністра абароны па ўзбраенні — начальніка ўзбраення Узброеных сіл, намесніка міністра абароны па тыле — начальніка тылу Узброеных сіл Беларусі і намесніка міністра абароны РФ.

Тэма вучэнняў — "Прымяненне сіл і сродкаў тылавога і тэхнічнага (матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі пры вырашэнні сумесных задач у перыяд нарастання ваеннай пагрозы".

Галоўнай мэтай вучэнняў з'яўляецца падрыхтоўка органаў ваеннага кіравання, сіл і сродкаў тэхнічнага і тылавога (матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння ўзброеных сіл дзвюх краін да сумесных стратэгічных вучэнняў "Захад-2017", а таксама ўдасканаленне палявой вывучкі і падтрыманне эфектыўнага ўзаемадзеяння ў ходзе сумесных дзеянняў.

Асаблівасцю распачатых вучэнняў з'яўляецца тое, што яны ўпершыню праводзяцца ў такім фармаце і на іх мяркуецца апрабаваць вырашэнне ўсяго спектру задач тылавога і тэхнічнага (матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння войскаў (сіл).

На практыцы будуць адпрацаваны пытанні тэхнічнага прыкрыцця аб'ектаў на ўчастках ваенна-аўтамабільных дарог, арганізацыі інжынерна-аэрадромнага і аэрадромна-тэхнічнага забеспячэння пасадкі на аэрадромны ўчастак дарогі і паўторнага вылету лятальных апаратаў абсталявання ўчасткаў загрузкі боепрыпасаў на аўтатранспарт з выкарыстаннем сродкаў механізацыі пагрузачных работ, эвакуацыі, рамонту і аднаўлення няспраўных узораў тэхнікі і ўзбраення, разгортвання палявога магістральнага трубаправода, участкаў масавай запраўкі тэхнікі, а таксама выпечкі і выдачы хлеба.

У вучэннях бяруць удзел органы ваеннага кіравання, злучэнні, воінскія часці і арганізацыі тылавога, тэхнічнага (матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння, акрамя таго, для адпрацоўкі практычных дзеянняў у якасці войскаў абазначэння прыцягнутыя асобныя воінскія часці і падраздзяленні са складу Рэгіянальнай групоўкі войскаў як ад беларускага, так і ад расійскага боку.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239