Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/22/916704_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 15:42
22.08.2017 14:56 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

Лукашэнка праводзіць у Мінску нараду па актуальных пытаннях развіцця беларускай эканомікі

Мінск, 22 жніўня. Аляксандр Лукашэнка 22 жніўня праводзіць у Мінску нараду з "кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны", на якую вынесеныя "найбольш актуальныя пытанні развіцця беларускай эканомікі", паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У ліку ўдзельнікаў нарады прэм'ер-міністр і віцэ-прэм'еры, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, старшыня Савета Рэспублікі, кіраўнікі Камітэта дзяржкантролю і Нацыянальнага банка.

Як нагадаў Лукашэнка, раней ім было прынятае рашэнне праводзіць штоквартальныя нарады — з палітычным, эканамічным і сілавым блокамі краіны. Такія мерапрыемствы, адзначыў ён, будуць насіць "амаль аператыўны характар", на іх будуць разглядацца пытанні тактычнага плана. Сёння, паводле яго слоў, вырашана абмеркаваць актуальныя тэмы, якія ўваходзяць у кампетэнцыю эканамічнага штаба краіны.

"Пры гэтым я хачу папярэдзіць і прэм'ер-міністра, і ўсіх прысутных, што гэта не мае нічога агульнага са справаздачай урада перад прэзідэнтам. Такая справаздача запланаваная, яна будзе ў свой час, калі я палічу патрэбным або час падыдзе", — звярнуў увагу Лукашэнка .

"Было адзначана, што развіццё эканомікі прадвызначае стан сацыяльна-палітычнага становішча і матэрыяльны дабрабыт людзей. Таму ад адказных службовых асоб урада прэзідэнт запатрабаваў адказу на канкрэтныя пытанні", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Лукашэнка прапанаваў для пачатку абмеркаваць развіццё эканомікі ў цэлым: "Як спрацавалі галіны эканомікі ў першым паўгоддзі, і якія рэальныя магчымасці выканання гадавых прагнозаў? Невялікі, каля працэнта рост, быццам бы, ёсць, але наколькі стабільны гэты рост? І якая будзе ў гэтым плане дынаміка?"

Ён таксама прапанаваў абмеркаваць пытанне аб цэнаўтварэнні: "Як выконваюцца мае даручэнні па кантролі за цэнамі ў краіне, за цэнаўтварэннем? З аднаго боку, інфляцыя знаходзіцца ў межах значна ніжэйшых за прагнозныя, і гэта добра, аднак, з іншага боку, людзі скардзяцца, што цэны адкрыта скачуць па асобных пазіцыях. Да прыкладу, па леках, па асобных хлебабулачных вырабах. Хай трохі, але ваганні такія ёсць".

Таксама на нарадзе абмяркоўваецца пытанне аб сітуацыі на рынку працы. "Яшчэ летась мы дамаўляліся, што на кожнае скарочанае працоўнае месца павінна быць створанае новае высокапрадукцыйнае. Але ў нас па-ранейшаму прадпрыемствы працягваюць больш звальняць, чым прымаць на працу. Прынамсі, па той інфармацыі, якой я валодаю. У чым справа?" — пацікавіўся беларускі афіцыйны лідар.

Паводле яго слоў, яшчэ больш няпэўная сітуацыя з прадпрыемствамі, якія зачыняюцца. "Куды сыходзяць людзі? На паперы новыя працоўныя месцы, быццам бы, і ствараюцца, а на справе суцэльнае ашуканства. Калі гэта не так, хацелася б пачуць адказ на гэтае пытанне. Як мяне інфармуюць, колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца", — падкрэсліў ён.

Таксама Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў даць справаздачу аб росце заработнай платы ў краіне: "Як мы выходзім на запланаваны ўзровень па галінах і рэгіёнах? Ці не павялічваецца расслаенне грамадства па даходах? Як урад адрэагаваў на маё даручэнне звярнуць асаблівую ўвагу на катэгорыі работнікаў, якія атрымліваюць зарплату па ніжняй мяжы?" Ён прапанаваў асобна праінфармаваць, які ўзровень зарплаты ў сельскай гаспадарцы, адукацыі, ахове здароўя і культуры.

Асобна Лукашэнка пацікавіўся, як забяспечваецца фінансавая стабільнасць у краіне і якія меры прымаюцца для ўмацавання нацыянальнай валюты, паведамляе прэс-служба. Таксама ўзнімалася пытанне экспарту тавараў і паслуг. "Калі ў цэлым дзякуючы цэнаваму фактару адбыўся рост экспартнай выручкі і сітуацыя палепшылася (і гэта нядрэнна), то сур'ёзных зрухаў у дыверсіфікацыі, засваенні новых рынкаў збыту тавараў і паслуг пакуль няма", — канстатаваў прэзідэнт.

Акрамя таго, Лукашэнка назваў найважнейшай на сённяшні дзень тэму харчовай бяспекі: "Я ўважліва адсочваю тое, пра што пішуць у розных сродках масавай інфармацыі. Памылка журналістаў складаецца ў тым, што яны ўсюды пішуць пра нейкі гераізм на ўборцы ўраджаю, у тым ліку прэзідэнта. Ніякага гераізму на ўборцы няма. Гэта спрошчаны падыход да таго, што раблю я і ўсе тысячы людзей, якія сёння занятыя ў тым ліку ўборкай. Гаворка ідзе выключна пра харчовую бяспеку нашай краіны".

"Калі людзі будуць накормленыя, калі кожны будзе мець, па-народнаму кажучы, кавалак хлеба на стале штодзень, тады і ў краіне будзе мір і парадак. А калі гэтага кавалка хлеба не будзе і да яго чагосьці, вось тады хіхіканне хутка спыніцца. Таму і ўборачная, і асенняя сяўба, і нарыхтоўка кармоў — гэта асобная тэма, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Што мы маем сёння ў гэтай сувязі?"

Лукашэнка таксама пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні што да льняной галіны, пачынаючы ад вырошчвання расліны і заканчваючы яе перапрацоўкай, па вызначэнні гаспадарак, якія сеюць лён, выкананні тэхналогій, забеспячэнні якасным насеннем айчыннай селекцыі.

"Хацелася б паглядзець з іншага канца на гэтую праблему: рынак сёння ёсць для льнопрадукцыі, для нашай тканіны, для нашых вырабаў як унутраны, так і знешні? Калі мяне правільна праінфармавалі, чаму сёння на складах ільнокамбінатаў залежы тканіны? Не дай бог, гэта так!" — папярэдзіў ён.

Таксама Лукашэнка нагадаў, што рашэнне аб будаўніцтве малочна-таварных комплексаў і мадэрнізацыі ферм было прынятае яшчэ некалькі гадоў таму. Аднак праца ў гэтым кірунку адкладалася з аб'ектыўных прычын. "Сёння настаў час заняцца гэтымі праблемамі. Гэта вельмі вялікае наша дасягненне, што мы своечасова схапіліся за гэтыя малочнатаварныя комплексы, — звярнуў увагу ён. — Калі б гэтага не было, сёння б і сельская гаспадарка адсутнічала ў краіне".

Беларускі кіраўнік даручыў да канца 2018 года скончыць узвядзенне і мадэрнізацыю малочна-таварных комплексаў і забяспечыць іх якаснымі кармамі. У сувязі з гэтым ён таксама пацікавіўся, як у Беларусі будзе наладжаная работа па будаўніцтве сіласна-сянажных траншэй. Ён заявіў, што малочнатаварныя комплексы і сховішчы павінны будавацца па недарагіх тыпавых праектах: "Я не бачу тут асаблівых праблем".

Падчас нарады Лукашэнка таксама нагадаў, што даручыў канструктарам да ўборачнай 2018 года абнавіць мадэль камбайна "Палессе". "Нам трэба спыніцца на нейкіх мадэлях, якія будуць запатрабаваныя на рынку. Камбайн, які мы апрабавалі нядаўна ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях, нядрэнны. Камбайн добры: прыбірае чыста, нічым не саступае імпартным аналагам. Добра, што цяперашнія канструктары "Гомсельмаша" на гэтым не спыняюцца. Яны заяўляюць, што ёсць напрамкі, па якіх яшчэ можна палепшыць гэты камбайн", — звярнуў увагу Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што рухавікі для дадзенай тэхнікі павінны вырабляцца ў Беларусі: адпаведныя вытворчасці ў краіне ёсць.

"Яшчэ адзін напрамак у "Гомсельмашы" — стварыць суперкамбайн, які будзе пераўзыходзіць імпартныя аналагі. Я не буду раскрываць усе сакрэты, але такія задумкі і ўжо канкрэтныя напрацоўкі ў канструктараў ёсць", — сказаў Лукашэнка. Ён даручыў запланаваць на зіму наведванне ім прадпрыемства, каб азнаёміцца з мадэрнізацыяй тэхнікі і вытворчасцю новых мадэляў.

Акрамя таго, Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць развіццё будаўнічай сферы. "Як ідуць справы ў будаўнічай сферы — жыллё і іншыя аб'екты? Што робіцца для зніжэння іх сабекошту? Мяне гэтая сфера вельмі хвалюе, — заявіў Лукашэнка. — Калі хто-небудзь хоча ва ўрадзе згарнуць будаўніцтва жылля, я ім раю неадкладна перайсці ў аднапакаёвыя, двухпакаёвыя кватэры разам са сваімі сем'ямі або пайсці зняць кватэру і жыць з гаспадарамі".
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239