Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/22/916756_123456/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 15:08
22.08.2017 18:25 Эканоміка, Фінансы

Кабякоў: Беларусь можа завяршыць 2017 год з інфляцыяй не больш за 7%

Мінск, 22 жніўня. Беларусь можа завяршыць 2017 год з інфляцыяй не больш за 7%, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 22 жніўня па выніках нарады ў прэзідэнта па актуальных пытаннях развіцця беларускай эканомікі.
"У нас ўстойлівая тэндэнцыя на зніжэнне інфляцыі. Мы, праўда, крыху саступаем Расійскай Федэрацыі па тэмпах інфляцыі за сем месяцаў, але ў нас яна лепшая, чым у Казахстане, Украіне. У нас ёсць перспектывы таго, што да снежня інфляцыя можа не перавысіць 7%", — прыводзіць словы Кабякова журналістам прэс-служба ўрада.

Як следства, можа знізіцца працэнтная стаўка па крэдытах, заўважыў прэм'ер-міністр. "За ліпень па зноў выдаваемых крэдытах без усялякіх ільгот працэнтныя стаўкі склалі для суб'ектаў гаспадарання 13,2%. Каб зразумець, наколькі істотны рух адбыўся для рэальнага сектара, скажу, што ў снежні 2016 года гэта было 20,6%", — звярнуў увагу кіраўнік урада.

"Ужо нават стаўка ў 13% сама па сабе для суб'ектаў гаспадарання немаленькая. Вядома, ніхто не прапаноўвае забягаць наперад і неяк адміністрацыйна спрабаваць яе змяншаць, але калі не будзе якіх-небудзь надзвычайных знешніх уздзеянняў, то ёсць перспектыва, што працэнтная стаўка па крэдытах будзе рухацца ў бок змяншэння і далей", — дадаў Кабякоў.

Адной з тэм, якія Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць на сённяшняй нарадзе, было пытанне аб цэнаўтварэнні. "Як выконваюцца мае даручэнні па кантролі за цэнамі ў краіне, за цэнаўтварэннем? З аднаго боку, інфляцыя знаходзіцца ў рамках значна ніжэйшых за прагнозныя, і гэта добра, аднак, з другога боку, людзі скардзяцца, што цэны адкрыта скачуць па асобных пазіцыях. Напрыклад, па леках, па асобных хлебабулачных вырабах. Хай трохі, але ваганні такія ў наяўнасці", — сказаў прэзідэнт.

Першапачаткова беларускія ўлады ставілі мэту знізіць інфляцыю ў 2017 годзе да 9% (з 10,6% у 2016-м). Па выніках студзеня—ліпеня цэны на спажывецкім рынку выраслі ў Беларусі на 3,3%. Міністэрства эканомікі ў чэрвені заявіла, што па выніках года інфляцыя ў краіне можа скласці 7%.

Канцэпцыя афіцыйнага прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2018—2020 гады, якая к цяперашняму часу падрыхтавана, прадугледжвае, што ў наступным годзе інфляцыя захаваецца на ўзроўні 7%, а ў 2020-м — знізіцца да 5%.

У новым эканамічным аглядзе "Ашчадбанка" Расіі эксперты канстатуюць, што па выніках ліпеня ў Беларусі зафіксавана дэфляцыя 0,1% пасля росту спажывецкіх цэн на 0,7% месяцам раней. Расійскія эканамісты тлумачаць дэфляцыю сезонным зніжэннем цэн на гародніну.

"Нашы ацэнкі паказваюць, што ў найбліжэйшыя месяцы інфляцыя будзе вагацца каля адзнакі 6% (у гадавым выражэнні), а сярэдні рост цэн па выніках 2017 года складзе 6,5%", — мяркуюць аналітыкі "Ашчадбанка".

Сённяшняя сітуацыя на спажывецкім рынку, лічаць эксперты, стварае ўмовы для далейшага зніжэння працэнтных ставак. "Пры афіцыйнай мэце Нацыянальнага банка не больш за 9% у снежні 2017 года дынаміка інфляцыі дазваляе рэгулятару агрэсіўна зніжаць ўзровень ставак у эканоміцы", — лічаць расійскія аналітыкі.

Пры гэтым яны звяртаюць увагу, што з пачатку года стаўка рэфінансавання ў Беларусі ўжо "страціла" 6 працэнтных пунктаў і цяпер складае 12%.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239